Нагадваем: ужо заўтра ўсталёўваем памятную шыльду на магіле сакратара Віленскай беларускай гімназіі Уладзіміра ЛукашэвічаУжо заўтра, 3 кастрычніка (субота), у 10:00 наша грамада разам з іншымі беларусамі і беларускамі Вільні будзе ўсталёўваць памятную шыльду на магіле
Уладзіміра Лукашэвіча — выкладчыка і сакратара Віленскай беларускай гімназіі.
У 1924–1926 гадах Уладзімір Лукашэвіч выкладаў у гімназіі праваслаўную рэлігію — Закон Божы, а пазней быў яе сакратаром. У архіўных дакументах ён таксама згадваецца як памочнік класнага кіраўніка і адзін з сяброў Бацькоўскага камітэта гімназіі.
На пасадзе выкладчыка Закону Божага Лукашэвіч змяніў праваслаўнага святара Міхаіла Плісу, які таксама пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках. Ягоны помнік мы прывялі ў парадак раней.
Уладзімір Лукашэвіч быў бацькам Раісы Лукашэвіч, у замужжы Галяк — жонкі беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Леаніда Галяка.
Магілу Уладзіміра Лукашэвіча знайшлі дзякуючы намаганням мовазнаўцы і гендарнага даследчыка
Уладзіслава Гарбацкага. Старая шыльда на крыжы моцна сцерлася: імя, прозвішча і іншыя надпісы на ёй ужо было немагчыма прачытаць.
Заўтра мы ўсталюем на крыжы новую памятную шыльду, вырабленую за ўласныя сродкі. Таксама паправім і пафарбуем крыж і павяжам на ім стужку ў колерах нашага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.
Праваслаўны святар Канстанцінопальскага патрыярхату
Георгій Рой, настаяцель нашай віленскай капліцы святога Лявонція Карповіча, асвеціць месца пахавання Уладзіміра Лукашэвіча.
Сустракаемся 3 кастрычніка ў 10:00 на віленскіх Свята-Ефрасіннеўскіх могілках па адрасе
Liepkalnio g. 19.
Геалакацыя месца сустрэчы ў Google Maps. Шчыра запрашаем далучыцца! Вы таксама можаце падтрымаць нашу дзейнасць ахвяраваннем.Так вы дапаможаце нам працягваць сваю справу і клапаціцца пра пахаванні беларускіх дзеячаў на Свята-Ефрасіннеўскіх і іншых могілках.
Ахвяраванні неабавязковыя.Банкаўскі пераводIBAN: LT667300010191071990
VILNIAUS
Атрымальнік: APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA
Банк: „Swedbank”, AB
SWIFT-код: HABALT22
Прызначэнне плацяжу: Auka
Таксама можна ахвяраваць праз платформы:Patreon — для бяспечных ахвяраванняў з Беларусі;
PayPal — толькі для ахвяраванняў з-за мяжы.