Айцец усіх людзей, Магутны Божа і Творца! Ты з невыказнай любові паслаў Сына Свайго – Госпада нашага…

Айцец усіх людзей, Магутны Божа і Творца! Ты з невыказнай любові паслаў Сына Свайго – Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб вызваліць род чалавечы ад улады граху, зла, пекла і смерці!
Твой подых, Госпадзе, ― подых свабоды; Ты стаіш на баку прыгнечаных, а не прыгнятальнікаў, бо Ты сам зведаў пакуты і знявагі за кратамі, гвалт і здзекі з Тваёй чалавечай і Боскай годнасці.
Ты заўсёды застаешся побач з кожным нявінным у час несправядлівага суду і зняволення.
Божа, просім Цябе, няхай кожны несправядліва зняволены ў нашай краіне знойдзе падтрымку і надзею ў Табе, Збаўцы і Вызваліцелю нашым.
І няхай, усякая справядлівасць будзе ўзноўленая, а кожны, хто без віны кінуты за краты, будзе вызвалены і насалодзіцца дарам Тваёй свабоды.
Мы просім Цябе, Нябесны Ойча, за бацькоў і маці, жонак і мужоў, сыноў і дачок, якія ў смутку чакаюць вызвалення сваіх родных. Іх узаемная любоў імкнецца да адзінства і супольнай радасці паўсядзённага мірнага жыцця, але злая воля ды ілжа перашкаджаюць любячым сэрцам быць разам і жыць у дабраславёнай еднасці!
Божа, агнём Тваёй усемагутнай любові спапялі тое зло, якое не дазваляе панаваць радасці і шчасцю сумленных людзей! Няхай сіла Тваёй праўды знішчыць няпраўду і разбурыць турэмныя муры, за якімі пакутуюць нашыя суайчыннікі!
Божа, Сваімі пакутамі на Крыжы Ты ўспрыняў увесь боль чалавецтва!
Ты, зведаў​ ​ адчай, адзіноту і крывавую малітву ў Гефсіманскім садзе, дапамажы кожнаму, хто знаходзіцца зараз у несправядлівым зняволенні, будзь з нашымі братамі і сёстрамі,​ не пакідай іх, падай ім надзею, веру, любоў і выведзі іх да Тваёй пераможнай свабоды! Амінь!