Маю две навіны! Як за звычай, адна – дрэнная; а іншая – добрая. Пачну з дрэннай – мы ворагі Богу! Ча…

Маю две навіны! Як за звычай, адна – дрэнная; а іншая – добрая.
Пачну з дрэннай – мы ворагі Богу! Чаму? Бо кожны дзень мы робім штосьці злое – грашым. А той, хто робіць зло выконвае волю дыябла і, адпаведна, становіцца ворагам Госпаду.

Як нам быць з гэтай сумнай рэчаіснасцю? Ці ёсць у нас саміх сілы выкінуць гэтае зло з нашага жыцця? Ці ёсць у нас саміх сілы аднавіць мір з Богам, з людзьмі, з Сусветам?

Дык вось добрая навіна! “Бу́дучы ворагамі, мы прыміры́ліся з Богам праз смерць Сына Яго, і прыміры́ўшыся, ратуемся жыццём Яго” – абвяшчае апостал Павел.

Аказваецца, ёсць Той, хто Сабою закрывае нашу віну за ўчыненае намі зло! Ёсць Той, хто уваходзіць у нашае жыццё і мяняе яго! Ёсць Той, хто ратуе нас ад разбуральнай сілы зла. Імя Яму – Хрыстос Іісус – Сын Божы!

Але як мы можам скарыстацца Яго дапамогай? Што трэба зрабіць?

Вера!
Трэба даверыцца Хрысту і аддаць Яму сваё жыццё! Трэба злучыцца з Ім у размове, у прыняцці Яго Пачэсных Цела і Крыві! Даць Яму магчымасць стаць неад’емнаю часткаю нас саміх. Таму апостал і кажа: “мы ратуемся жыццём Яго”.

Такім чынам вера адкрывае “до́ступ да той Божай ласкі і… надзе́ю на сла́ву Божую”. Будучая надсусветная слава Божая пачынае дзейнічаць у чалавеку ўжо у гэтым жыцці, натхняе яго, раскрывае іншыя перспектывы мыслення і адчування быцця.

У адчуванні гэтай Божай Славы хрысціяніну, як кажа апостал, не страшныя нават беды і выпрабавання! Часта менавіта вера і становіцца прычынай ўзнікнення бед у жыцці хрысціяніна. Але, дзякуючы далучанасці да Хрыстовага жыцця і далучанасці да Божай Славы, ён здольны бачыць паверх гэтых праблем.

Апостал Павел вельмі лагічна і вельмі прыгожа гаворыць пра гэта:

“бяда́ спараджа́е цярплíвасць,

а цярплíвасць — во́пытнасць,

во́пытнасць — надзе́ю,

надзе́я ж не саро́міць, бо любоў Божая вы́лілася ў сэ́рцы на́шы Ду́хам Святы́м”

Думкі апостала Паўла знаходзяцца ў сугуччы і з тым евангельскім словам, якое мы сёння чулі. Надзвычай важныя Хрыстовы парады для жыцця!

Усё залежыць ад твайго погляду на жыццё, ад твайго вока, – кажа Хрыстос. Калі тваё вока бачыць усё цёмным, то і жыццё будзе такім. Ён даводзіць да нас, што трэба намагацца бачыць святло Божае, а не толькі цемру зла, праблем і выпрабаванняў.

Другое. Немагчыма быць з Богам, калі твой галоўны клопат – уладкаванне на зямлі і зямныя інтарэсы. “Немагчыма, – кажа Ён, – служыць двум гаспадарам”. Даверыцца ў зямных патрэбах Богу – важны элемент веры. “Айцец ведае, што нам трэба ў гэтым жыцці”.

Чалавеку надзвычай важана шукаць і здабываць нябесную, метафізічную, перспектыву жыцця. Гэта павінна быць асноўным клопатам жыцця, а зямное будзе дададзена. Амінь!