Усім вітанні! Крыху вярнусь у мінулы тыдзень і распавяду пра маю паездку ў Нямеччыну на Kirchentag 2…

Усім вітанні! Крыху вярнусь у мінулы тыдзень і распавяду пра маю паездку ў Нямеччыну на Kirchentag 2023! Па-першае, што такое Kirchentag? Гэта агульнанямецкі форум хрысціян Германіі, ў якім прымаюць удзел дзясяткі тысяч чалавек. Гэта рэальна падзея вялікага маштабу, пра якую гавораць усе нямецкія ЗМІ. Хрысціяне Германіі збіраюцца разам, каб зразумець як ідуць справы ў іх церквах, у грамадскіх і палітычных адносінах, у межхрысціянскім дыялогу. Зразумела цяпер галоўнай тэмай была вайна Расіі супраць Украіны. Таму больш за ўсё гаварылі пра АДНОСІНЫ ХРЫСЦІЯН ДА ВАЙНЫ. Немцы пасля Другой Сусветнай прасякнуты духам пацыфізму, асабліва нямецкія хрысціяне. Яны спрабавалі зразумець, ці можна СПРАВЯДЛІВА скончыць гэтую вайну без баявых дзеянняў і паставак зброі Украіне. Агульная выснова, як мне падалося – павінна быць адноўлена СПРАВЯДЛІВАСЦЬ і дасягнуты СПРАВЯДЛІВЫ мір з павагай да агульнапрызнаных межаў Украіны. Бяз гэтага мір будзе не трывалым і дасць іншым агрэсарам нагоду для дзеяння. Нямецкіх хрысціян вельмі цікавіла і сітуацыя ў Беларусі у кантэксце нашага ўнутранага грамадска-палітычнага крызісу, а таксама ў кантэксце агрэссіі Расіі супраць Украіны. Маё выступленне было прысвечана гэтай тэме. Гаварыў пра тое, як праваслаўныя хрысціяне адносяцца да вайны, пра тое, чаму некаторыя падтрымліваюць гэтую вайну, гаварыў пра нашых палітвязняў і іх несправядлівыя пакуты. Было многа пытанняў і пасля выступлення яшчэ вельмі доўга размаўляў з людзьмі. Дарэчы, аўдыторыя налічвала болей як паўтары тысячы чалавек. Ну і прыемным бонусам гэтай паездкі былі прагулкі па Нюрнбергу і наведванне дома Дзюрэра, а таксама паездка ў Рэгенсбург – горад майго студэнцтва. І я ізноў сустрэўся з маім улюблёным ДУНАЕМ. Ён у мяне на другім месцы пасля Нёмана , калі што.