2 сакавіка 1896 года ў мястэчку Поразава (сёння — Свіслацкі раён) нарадзіўся Станіслаў Глякоўскі — каталіцкі святар, педагог і адзін з арганізатараў беларускага каталіцкага выдавецтва.
У 1913 годзе ён скончыў гарадское вучылішча ў Ваўкавыску. Навучаўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, пасля працягнуў адукацыю ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Вярнуўшыся на радзіму, служыў у розных парафіях, выкладаў Закон Божы ў віленскіх школах, у тым ліку ў Віленскай беларускай гімназіі.
Паралельна займаўся выдавецкай дзейнасцю: уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага каталіцкага выдавецтва, падтрымліваў выпуск дзіцячага часопіса «Пралескі», выдаваў рэлігійную і мастацкую літаратуру, у тым ліку творы Міхася Машары і Вінцука Адважнага.
У віленскім касцёле Святога Мікалая праводзіў набажэнствы для беларусаў, апекаваўся скаўтамі, удзельнічаў у дзейнасці Беларускага студэнцкага саюза і Беларускага навуковага таварыства.
Улетку 1941 года служыў у мінскім касцёле святых Сымона і Алены, арганізоўваў рамонт святыняў і беларускую каталіцкую місію.
15 снежня 1941 года быў арыштаваны гестапа падчас канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску. Дакладныя абставіны яго гібелі застаюцца невядомымі.