“Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.” 2 Кар. 9,6Апостал Павел вы…

“Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.” 2 Кар. 9,6
Апостал Павел выкарыстоўвае зразумелы для яго часу вобраз сеяння. Мне здаецца, што для сучаснага чалавека такім зразумелым вобразам будзе – ІНВЕСТЫЦЫЯ.

ПРАБЛЕМА, якую акрэслівае апостал Павел, у тым, што мы мала інвестуем у свае адносіны з Творцам Сусветаў, мы мала інвестуем патэнцыял свайго духу.

Апостал нагадвае відавочнае: хто сее скупа, скупа і пажне. А хтосьці інвестуючы свой час і свае высілкі на справы духа, адчуе нават нейкае шкадаванне, ці робіць гэта пад прымусам страху, што Бог яго пакарае, ці не будзе дабразычлівым да яго.
Павел і кажа: “не рабіце гэтага з жалем і прымусам”. Бог любіць таго, хто інвестуе ў адносіны з Ім з энтузіазмам, цікавасцю, разуменнем і радасцю.

І самае важнае, што ў гэтай інвестыцыі немагчыма прагарэць. Апостал запэўнівае: “Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу”.

Цікава, што ў нашай мове самое слова багацце, пачынаецца са слова Бог. Нябесны Айцец здольны раскрыць перад чалавекам нечаканыя перспектывы ў творчасці, мысленні, прадпрымальніцтве, адносінах, містычных уздымах.