Калі ёсць жаданне, далучайцеся да малітвы!
Дзякуючы Табе з любоўю і трымценнем за Тваю міласць, якую Ты выявіў да сясцёр і братоў нашых, вызваленых з-за кратаў, мы, дзеці Твае, Збаўца і Ойча наш, прыносім Табе славаслоўе як Богу Ўсемагутнаму, і ад гарачых сэрцаў просім Цябе: дай свабоду і ўсім тым, хто працягвае пакутаваць і цярпець мучэнні ў турмах, і як міласцівы і справядлівы, выканай жаданне ўсіх нас, старанна молім Цябе, пачуй нас і памілуй!
Як міласціва пачуў Ты малітвы Тваіх дзяцей, Госпадзі, і выявіў вызваленым з несправядлівага зняволення сёстрам і братам нашым, міласэрнасць Тваю і дапамогу, так і надалей выканай у славу Тваю просьбы верных Тваіх, дапамажы ўсім, хто змагаецца за вызваленне несправядліва зняволеных, молім Цябе, пачуй і памілуй!
Прымі, Уседобры Ўладару, гэтую нашу падзяку за вызваленне братоў і сясцёр нашых перад веліччу Славы Тваёй, і пашлі з вышынь нябёсаў ім Тваю дапамогу, каб яны ацаліліся ад ранаў душ і целаў, якія атрымалі яны ад зняволення і катаванняў! Міласціва пачуй нас і памілуй іх!
Яшчэ і яшчэ молім Цябе і за ўсіх тых, хто працягвае пакутваць у несправядлівым зняволенні! Выведзі іх з цямніц да святла свабоды Тваёй, дабраславі ўсіх, хто клапоціцца пра іх вызваленне, і ўсім ім дай бязгрэшнае даўгалецце са здароўем і поспехам ва ўсіх добрых справах, молім Цябе, Усешчодры Ойча, міласціва пачуй і памілуй іх!