Госпадзе, Ты бачыў пакуты і смерць усіх несправядліва зняволеных у сталінскіх лагерах сыноў і дачок беларускай зямлі. Ты заўсёды застаешся побач з кожным нявінным сэрцам у час гвалтоўнага зняволення. Ты сам зведаў пакуты і знявагі за кратамі, гвалт і здзекі з Тваёй чалавечай і Боскай годнасці. Ты, як ніхто іншы, ведаеш, што нявінныя пакуты за праўду і любоў вядуць да ўваскрасення душы і цела. Ты прымаеш і падзяляеш з кожным пакутуючым яго пакуту. Прыймі цяжар іх зняволення, Госпадзе, і падтрымай іх! Вазьмі іх роспач у Твае клапатлівыя рукі, каб яны маглі даверыцца Тваёй міласэрнай любові. Госпадзе, просім, няхай кожны несправядліва зняволены знойдзе мір і надзею ў Табе, наш Збаўца, а вінаватыя ў злачынствах прынясуць ахвяру сапраўднага пакаяння і навяртання. Асвяці сваім святлом гэтыя дні выпрабавання, каб вымушае зняволенне стала для вязняў часам перамогі над злом і часам сустрэчы з Табою, дарогаю, праўдаю і жыццём. Дай ім, міласэрны Ойча, найхутчэйшае вызваленне! Амінь!
Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашую краіну Тваім сьвятым покрывам і будзь апякункай і заступніцай усім несправядліва зняволеным братам і сёстрам нашым. Ты, бачыла і як маці перажывала зняволенні і пакуты Сына Твайго і Бога нашага – Госпада Іісуса Хрыста. Вызвалі ж, Дзева Марыя, несправядліва зняволеных сясцёр і братоў нашых ад пакут, здзекаў і катаванняў. Выведзі іх, Нябесная Уладарка, з месцаў пакуты да волі і свабоды, каб яны маглі з’яднацца са сваімі роднымі! Амінь
І Вы, ўсе сьвятыя заступнікі беларускага народу, маліцеся за усіх несправядліва зняволеных братоў і сясцёр нашых. Дапамагайце ім, вашымі святымі малітвамі, выбавіцца ад няволі і прыйсці да свабоды, каб кожны са зняволеных мог унесці свой уклад у агульнае дабро і ў жыцьці сваім, каб атрымалі яны шчасьце, бяспеку і дабрабыт, аддаючы славу, пашану і пакланеньне Богу ў Тройцы адзінаму, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.