Свободный рынок как фактор победы в военной экономике Украины и России

Партыя Народная Грамада

СВАБОДНЫ РЫНАК, ЯК ФАКТАР ПЕРАМОГІ
Звычайна, нават у дэмакратычных краінах са свабоднай эканомікай падчас вялікай вайны для рэгуляцыі эканамічных працэсаў улады пераходзяць да камандных метадаў кіравання. Прыватным прадпрыемствам даводзяць, якую ваенную прадукцыю і ў якой колькасці выпускаць. Працэс жа стварэння ўзораў гэтай прадукцыі ды прыняцця іх на ўзбраенне – вельмі складаны і доўгі па часе бюракратычны працэс. І не факт, што прынятая на ўзбраенне, зробленая на заводзе ваенная тэхніка будзе мець перавагу над аналагічнай тэхнікай праціўніка. Асабліва падчас гонкі ўзбраенняў, калі кожны бок імкнецца мадэрнізаваць сваю ваенную тэхніку з улікам досведу баявых дзеянняў і дасягненняў праціўніка. Але ў вайскоўцаў выбару няма – бяры, што даюць, нам відней, што даваць. Мне было важна даведацца, як кіруецца і працуе на вайну эканоміка абодвух бакоў расійска-украінскай вайны.
З расійскага боку ўсё блізка да традыцыйных метадаў. У большасці дзяржаўныя навукова-даследчыя інстытуты ды канструктарскія бюро распрацоўваюць новыя ўзоры ўзбраення ці прапануюць мадэрнізацыі існуючых. Заводы, таксама, пераважна, дзяржаўныя, выконваюць заданні па вытворчасці ці мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, штабы размяркоўваюць яе па войскам.
Украінская, пераважна, прыватная эканоміка, арганізаваная для выканання ваенных задач па іншаму. Яшчэ да вайны я атрымаў у турме ліст ад беларускай дзяўчыны, якая апынулася ў эміграцыі ва Ўкраіне ў Ірпені пад Кіевам. Спадзяюся, што яна паспела эвакуявацца да захопу гэтага гораду расійцамі. Дзяўчына пісала, што ва Украіне яе ўразілі дзве рэчы: найперш, надзвычай эфектыўны прыватны малы і сярэдні бізнэс ды ўсеагульная карупцыя дзяржаўных устаноў. Апошняе не было для мяне навіной – я ведаў пра гэта яшчэ з савецкіх часоў. І ведаў, што ўкраінскі бізнэс навучыўся абыходзіць бюракратычныя рагаткі з дапамогай хабару. Там прынята змазваць шасцярэнькі непаваротлівага дзяржаўнага механізму, каб ён круціўся ў патрэбны бок. Але як сумясцілі ўласцівую ўкраінцам прадпрымальнасць, ўжо развітыя досвед і энэргію прыватнай ініцыятывы з карумпаваным дзяржаўным механізмам, каб войскі атрымоўвалі лепшую зброю, а не тую, за якую далі большы хабар, я не ведаў, пакуль не прачытаў, што вырабленыя ўкраінскімі прыватнымі прадпрыемствамі ваенная тэхніка і рыштунак выстаўляюцца на адмысловай электроннай пляцоўцы “Brave1 Market”, адкуль набываюцца камандзірамі пэўных правераных вайсковых частак за балы, налічаныя гэтым часткам. Пастаўка набытага адбываецца на працягу двух тыдняў. Балы налічваюцца кожнай частцы, пасля праверкі відэадоказаў, за знішчаных варожых салдат ды баявую тэхніку па ўсталяванай зверху сістэме Army of Drones bonus – колькі балаў за якую знішчаную тэхніку ці салдат налічваецца. Напрыклад, за знішчаны танк налічваецца 40 балаў, за забітага праціўніка – 6 балаў. Дрон тыпу Vampire можна набыць за 43 балы. І каб зарыентаваць войскі знішчаць у першую чаргу пэўны від цэляў цяпер не трэба даводзіць войскам грозныя загады ці дырэктывы. Дастаткова толькі падняць бал за знішчэнне гэтага віду цэляў.
Натуральна, што камандзіры імкнуцца набыць найбольш патрэбную ды эфэктыўную тэхніку, каб мець найбольшую баявую эфектыўнасць і зарабіць як мага больш балаў. Таму прадаўцы лепшай ваеннай тэхнікі атрымоўваюць больш балаў, якія пераводзяцца дзяржавай у грошы, а лепшыя вайсковыя часткі – лепшую забяспечанасць лепшымі ўзорамі ўзбраення. З’явілася нешта кшталту адкрытага для сваіх рынку ўзбраеньняў, арыентаванага на патрэбы вайсковых “пакупнікоў”, што прымушае прамысловых “прадаўцоў” канкураваць паміж сабой і ўвесь час працаваць над ўдасканаленнем узбраенняў з улікам меркаванняў войскаў. Атрымалася вельмі гнуткая, аператыўная і эфектыўная ваенна-эканамічная сістэма з мінімальным уключэннем бюракратычнага, а значыць – карупцыйнага складніка. Таму, мабыць, Украіна і выйграе на дадзены момант у ваенна-тэхналагічнай гонцы з Расіяй. Тым болей, што ўкраінскія прадпрыемствы, адрозна ад расійскіх, не маюць абмежаванняў для набыцця на сусветным рынку кампанентаў, з якіх збіраецца дамінуючая зараз на полі бою зброя – дроны ўсіх відаў ды прызначэнняў.