Ад імя Выканаўчай Рады партыі «Народная Грамада»У сувязі з шматлікімі публічнымі заявамі, зробленымі…

Ад імя Выканаўчай Рады партыі «Народная Грамада»

У сувязі з шматлікімі публічнымі заявамі, зробленымі ў адкрытых крыніцах былым генеральным сакратаром партыі «Народная Грамада» Сяргеем Спарышам, Выканаўчая Рада партыі лічыць неабходным выкласці сваю пазіцыю і растлумачыць сітуацыю, якая склалася ў партыі пасля яго вызвалення з месцаў пазбаўлення волі. Партыя «Народная Грамада» на ўсіх этапах сваёй дзейнасці дзейнічала і дзейнічае публічна і адкрыта. Усе істотныя рашэнні, уключна з пераносамі мерапрыемстваў, арганізацыйнымі зменамі, укараненнем крызісных механізмаў і кадравымі рашэннямі, даводзіліся да ведама партыйцаў і грамадскасці праз адкрытыя каналы камунікацыі і афіцыйныя рэсурсы партыі.
1. Гісторыя пытання і прычыны крызісу
Да канца 2023 года ў партыі «Народная Грамада» склалася крызісная сітуацыя, звязаная з сканчэннем тэрмінаў паўнамоцтваў усіх кіраўнічых органаў і структур партыі, вызначаных дзеючым на той момант Статутам, а таксама з аб’ектыўнай немагчымасцю правядзення чарговага справаздачна-выбарчага З’езду ва ўмовах надзвычайных абставін.
Паводле пп. 6.1 «Кароткага Статуту партыі «Народная Грамада»»:
«6.1. Вышэйшым органам Народнай Грамады з’яўляецца З’езд. З’езд праводзіцца ў форме чарговай устаноўчай сесіі не радзей чым адзін раз на два гады…»
Пазіцыя Мікалая Статкевіча як лідара партыі «Народная Грамада» заставалася і застаецца нязменнай і не патрабавала і не патрабуе перавыбрання. У той жа час легітымнасць рашэнняў іншых кіраўнічых органаў паступова апынулася пад сумненнем у сувязі з заканчэннем статутных тэрмінаў іх паўнамоцтваў і немагчымасцю іх абнаўлення праз З’езд. Напрыканцы 2023 году Прэзідыўм правёў кансультацыі і прыняў рашэнні для далейшай працы партыйных структур.
Згодна з рашэннем Прэзідыўма ад 07.12.2023 г.:
— зацвердзіць рашэнне аб тым, што партыя знаходзіцца ў сістэмным крызісе, які не можа быць вырашаны да таго часу, пакуль ва ўладзе знаходзіцца хунта Лукашэнкі і пакуль у Беларусі не будуць створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці палітычных партый;
— прыняць рашэнне аб прыпыненні на перыяд партыйнага крызісу дзеяння асобных пунктаў Статуту і Праграмы партыі да наступнага З’езда партыі;
— прыняць рашэнне аб прыпыненні дзейнасці ўсіх выбарных органаў партыі да пераадолення крызісу і замест іх стварыць Выканаўчую Раду партыі з вызначэннем яе рэгламенту;
— зацвердзіць склад, функцыі і рэгламент Выканаўчай Рады на канферэнцыі;
— правесці выбары ў склад Выканаўчай Рады.
2. Крызіс быў выкліканы шэрагам узаемазвязаных прычын
2.1. Тэрытарыяльныя абмежаванні дзейнасці.
Згодна са Статутам, дзейнасць партыйных структур можа ажыццяўляцца выключна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Паводле пп. 1.1 Статуту партыі «Народная Грамада»:
«…Партыя дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Пасля пачатку маштабных рэпрэсій у 2020 годзе ўсе ўнутраныя структуры партыі былі вымушаныя спыніць працу, а частка кіраўніцтва эмігравала і працягнула дзейнасць за мяжой, што аб’ектыўна супярэчыла буквальнаму тэксту Статуту і патрабавала надзвычайных арганізацыйных рашэнняў.
2.2. Адсутнасць кворуму ў кіраўнічых органах.
У выніку рэпрэсій, арыштаў і вымушанага падполля значная частка сябраў Прэзідыўма не магла ўдзельнічаць у пасяджэннях, што рабіла немагчымым прыняцце рашэнняў у адпаведнасці з патрабаваннямі Статуту.
Паводле пп. 4.4 Статуту партыі «Народная Грамада»:
«…пастановы … прымаюцца, калі за ніх прагаласавала больш за палову прысутных сябраў арганізацыйных структур, дэлегатаў, альбо сябраў адпаведных партыйных органаў, калі іншае не прадугледжана дзеючым Статутам».
2.3. Саканчэннем тэрмінаў паўнамоцтваў кіраўнічых органаў.
Паводле пп. 6.1 «Кароткага Статуту партыі «Народная Грамада»»:
«6.1. Вышэйшым органам Народнай Грамады з’яўляецца З’езд. З’езд праводзіцца ў форме чарговай устаноўчай сесіі не радзей чым адзін раз на два гады…»