Прывітальнае слова сустаршыні БХД Георгія ДзмітрукаЧаму мы сабраліся тут? Нашае мерапрыемства назыв…

Прывітальнае слова сустаршыні БХД Георгія Дзмітрука

Чаму мы сабраліся тут?
Нашае мерапрыемства называецца «Сход неабыякавых».
У гэтым і крыецца адказ на пытанне: «Чаму мы тут?»
Мы неабыякавыя, або, па-іншаму, нам не ўсё роўна.

Неабыякава мы ставімся да пяці рэчаў:

1. Дыктатура ці аўтарытарызм у Беларусі працягваюцца ўжо больш за 30 гадоў. Гэта выяўляецца ў адсутнасці дэмакратычных выбараў, прызнаных сусветнай супольнасцю, а таксама ў актах агрэсіі ўлады ў адносінах да грамадзянскай супольнасці і вольнасці ў Беларусі.
Нам не ўсё роўна!

2. Пагрозлівая фрагментацыя дэмакратычнай супольнасці, асабліва з улікам нядаўніх аптымістычных падзей 2020 года, дэманструе негатыўную тэндэнцыю — як унутры Беларусі, так і за мяжой, ва ўмовах вымушанай эміграцыі.
Ці хочуць прымусіць нас маўчаць? Ці хочуць пасварыць? Ці вядуць у эмацыйны тупік? Кажуць, што дэмакратыя — гэта добра для ўсіх, акрамя беларусаў? Ці жадаюць проста кантраляваць?
Мы, беларусы, яшчэ ніколі не былі такія раз’яднаныя, як цяпер.
Нам не ўсё роўна!

3. Беларускі парадак дня ў сусветнай палітыцы «завіс» у чаканні новых ідэй, якія павінна генераваць беларуская дэмакратычная супольнасць. Фінансавыя плыні падтрымкі ад нашых сяброў, што мелі высокую мэту — падтрымку беларускага народа ў цяжкі час — на жаль, былі накіраваныя вядомымі асобамі ў прыватныя праекты, сумнеўныя ініцыятывы і віртуальную барацьбу.
Падтрымка з боку сусветнай супольнасці знікае разам з даверам да дэмакратычных сіл. Гэта прыводзіць да расчаравання і згасання нацыянальнага аптымізму.
Нам не ўсё роўна!

4. Сітуацыя з асвятленнем нашага пазітыўнага мерапрыемства, пагрозы актывістам, спробы блакавання ініцыятывы, ігнараванне запрашэнняў да адкрытай размовы — усё гэта малюе вельмі негатыўную карціну: аўтарытарная сістэма ў Беларусі спрабуе прымусова навязаць сябе беларускай дэмакратычнай супольнасці нават у свабоднай Еўропе!
Іншымі словамі: выязджаючы з Беларусі, нехта «захапіў» у сваім чамадане інструкцыю па аўтарытарызме і цяпер спрабуе навязаць яе тут.
Нам не ўсё роўна!

5. Як жа нам быць? Што мы можам зрабіць? Як нам, неабыякавым беларусам, вярнуць давер да нашай ініцыятывы?
Давер народа даецца авансам, але яго трэба адпрацаваць, даказаць і паказаць!
Сябры, тое, што вы ўжо зрабілі — прыйшлі сюды, у гэту залу, не пабаяліся ні рэжыму Лукашэнкі, ні віртуальнага ціску з боку агульных сяброў і, магчыма, канкурэнтаў — гэта невялікі крэдыт даверу, які нам трэба сумесна адпрацаваць у імя Свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

Такім чынам, канкрэтызуем:
– недавер да рэжыму Лукашэнкі,
– недавер да так званых «віртуальных дэмакратычных сіл»,
– недахоп даверу да нас саміх.

Гэта і ёсць прычына, чаму мы сабраліся тут.
Менавіта пра гэта будзе наша размова.

Мы запрасілі ўсіх беларусаў — без выключэння!
Але прыйшлі неабыякавыя!

Вось чаму нашае мерапрыемства называецца «Сход неабыякавых».
Калі кожны з вас, хто прыйшоў сюды і згодзен са мной — значыць, вы таксама неабыякавыя.
Значыць, у нас усё атрымаецца.
Значыць, дэмакратыя не памерла ў нашых сэрцах.
Значыць, нашы лідары — Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і многія іншыя — не дарэмна змагаліся і жывуць дагэтуль у нашых сэрцах!

Значыць, Беларусь жыве!

#СходНеабыякавых