Віцебскія актывісты, праваабаронцы і журналісты далучыліся да акцыі салідарнасьці са спэцкарэспандэнтам “Медузы” Іванам Галуновым – аўтарам гучных расьсьледаваньняў аб карупцыі, які знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам. Сярод удзельнікаў акцыі – сябры Народнай Грамады.
Журналіст быў затрыманы ў Маскве 6 чэрвеня і абвінавачаны ў незаконным абароце наркотыкаў. Ён сьцьвярджае, што наркотыкі яму падкінулі. Пры затрыманьні і ў паліцэйскім пастарунку Галунова жорстка зьбівалі. Нікулінскі раённы суд Масквы адмовіўся зьмяшчаць журналіста ў СІЗА, як таго прасіла сьледзтва, і накіраваў яго пад хатні арышт.
“Фундамэнтальным правам любога грамадзтва ёсьць права на свабоду слова. Калі ўлады адбіраюць гэтае права і пачынаюць рэпрэсаваць журналістаў – носьбітаў яго і гарантаў, – грамадзтва мусіць рэагаваць на гэта хутка і салідарна. І няважна, дзе чыніцца беззаконьне, у тваёй краіне ці ў суседняй. Таму сёньня мы кажам “Стоп перасьледу журналіста Івана Галунова” і “Я – Іван Галуноў!” – тлумачыць пазыцыю ўдзельнікаў акцыі праваабаронца Леанід Сьвецік.
10 чэрвеня адразу некалькі топавых расейскіх выданьняў (“Ведомости”, “Коммерсант” и РБК) выйшлі ў сьвет з аднолькавай першай паласой, на якой – Іван Галуноў. Рэдакцыі газэтаў патрабуюць праверыць дзеяньні паліцыянтаў і апавясьціць СМІ аб выніках гэтай праверкі.
Салідарнасьць з Галуновым выказалі нават журналісты прадзяржаўных тэлеканалаў “Россия 1”, НТВ і “Первого канала”. 12 чэрвеня ў сталіцы Расеі пройдзе марш за свабоду Івана Галунова.
Зьміцер Міраш
Па матэрыялах сайта vitebskspring.org