Абнаўленне інфармацыі пра Сяргея ЕрамееваБасманны суд Масквы працягнуў тэрмін арышту беларуса Сярге…

Абнаўленне інфармацыі пра Сяргея Ерамеева

Басманны суд Масквы працягнуў тэрмін арышту беларуса Сяргея Ерамеева да 30 ліпеня.

Яго арыштавалі 7 снежня мінулага года і абвінавацілі ў выбухах цягнікоў на БАМе. Кажучы юрыдычнай мовай – у здзяйсненні двух асабліва цяжкіх злачынстваў, прадугледжаных ч.2 арт.205 КК РФ «Тэрарыстычны акт».

Сяргею Ерамееву пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 12 да 20 гадоў.

Згодна з тлумачэннем, якое Сяргей Ерамееў даў на судовым слуханні ў Омску пасля затрымання, ён хацеў паралізаваць рух вайсковых грузаў на чыгунцы.

«Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была – перашкодзіць руху», – заявіў ён тады.

У першыя месяцы пасля арышту да Сяргея Ерамеева не пускалі незалежнага адваката. Аднак зараз блакада прарваная, і беларус можа сустракацца з нанятым адвакатам і выбудоўваць лінію абароны.

Сяргей Ерамееў – 52-гадовы жыхар Наваполацка, не жанаты. Ёсць двое малалетніх дзяцей. У 2020 годзе браў удзел у страйку на «Нафтане», пасля чаго яго звольнілі з прадпрыемства.

Калі ласка, падтрымайце Сяргея Віктаравіча Ерамеева ў турме. Ён вельмі спадзяецца на нашую салідарнасць!

Пісаць лісты можна на адрас:
111020, г. Масква, вул. Лефортаўскі Вал, д. 5, СІЗА № 2.