Сёння – Дзень народзінаў нашага слыннага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У кнізе “Беларускі гістарычны анекдот” даследчык Сяргей Шапран апублікаваў такую забаўную гісторыю, звязаную з Караткевічам:
Караткевіч і касманаўты
У 1985 годзе ў Оршы праходзіў семінар творчай моладзі, на якім сярод іншых выступалі партыйныя і савецкія работнікі, якія перасцерагалі маладых літаратараў ад ідэалагічных і палітычных памылак. І вось падчас семінара малады пісьменнік Уладзімір Арлоў заўважыў, што ў сваім выступе сакратар гаркама партыі ні слова не сказаў пра Уладзіміра Караткевіча, хоць Оршу, у першую чаргу, праславілі не дасягненні ў сацыялістычным спаборніцтве, а канкрэтны чалавек — апостал беларускай культуры Уладзімір Караткевіч. І таму Арлоў прапанаваў назваць імем Караткевіча вуліцу, на якой той жыў. Партсакратар адрэагаваў імгненна: ідэалагічна гэта будзе няправільна, таму што вуліца тая носіць імя касманаўтаў.
— Як? Адразу ўсіх касманаўтаў?! — пацікавіўся Арлоў.
— Так, усіх адразу.
— Яны што, усе нарадзіліся ў Оршы ці жылі тут? — не здаваўся літаратар.
Аднак яго апанент таксама меў пачуццё гумару:
— Яны над Оршай праляталі…
Прайшоў час, і аршанская вуліца Касманаўтаў атрымала імя Уладзіміра Караткевіча, а потым на ёй з’явіўся і помнік аўтару «Каласоў пад сярпом тваім» і «Дзікага палявання караля Стаха».