Не забудзем, не даруем. Стала вядомае імя ката, які вёў справу Міхася ЧаротаГэта ўраджэнец Бабруйска…

Не забудзем, не даруем. Стала вядомае імя ката, які вёў справу Міхася Чарота

Гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі, які падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, што займаўся беларускімі нацыяналістамі, піша Еўрарадыё са спасылкай на канал «Беларускі інстытут публічнай гісторыі».

У адным з дакументаў паведамляецца, што менавіта Быхоўскі «вёў справы на беларускага паэта Чарота і атрымліваў паказанні на “ворагаў народа”, былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай змовы».

Адзін з калегаў характарызаваў Быхоўскага, як «садыста і ліпача, здольнага сфабрыкаваць любую справу». За катаванні арыштаваных і фальсіфікацыі спраў у 1939 годзе ён сам быў асуджаны на 10 гадоў лагераў.

Міхася Чарота арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў віну. Паэта расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.

На фота: Міхась Чарот і Віктар Быхоўскі