Трамп і ягоная фэнамэнальна некампэтэнтная адміністрацыя — фактар небясьпекі ня толькі для ЗША. Палітычны і эканамічны хаос — гэта мінімум, што ўжо практычна гарантавана чалавецтву прэзыдэнцтвам Трампа; дай Бог, каб не былі задзейнічаныя ядзерныя боегалоўкі.
Што датычна Беларусі, паўтараю: Трамп здасьць Беларусь Пуціну за сэкунду, калі толькі гэта яму будзе выгодна ў рамках чарговай «зьдзелкі».
Важна, каб у ЗША не паўтарылася беларуская сытуацыя, калі народ пазбавілі магчымасьці выправіць трагічную памылку 1994-га. Бо Трамп ужо пачаў зьнішчаць канстытуцыялізм (ягоныя прызначэнцы не выконваюць рашэньні судоў) і марыць пра трэці тэрмін.
Насамрэч, у інтарэсах амэрыканскага народа — пазбыцца Трампа ў Белым доме як мага хутчэй. Нават Вэнс, пры ўсіх ягоных мінусах, будзе лепшы, хаця б з наяўнасьці хоць нейкага элемэнту адэкватнасьці і прадказальнасьці, якія цалкам адсутнічаюць ў ягонага боса.
Я не галасаваў ні за Трампа (з прычыны абсалютнай чалавечай антыпатыі), ні за Харыс (з прычыны нэгатыўнага стаўленьня да палітыкі Байдэна, які ня даў Украіне перамагчы). Галасаваў бы за Нікі Хэйлі, але яна, на вялікі жаль, прайграла Трампу праймэрыз.
Але на выбарах у Кангрэс у 2026 як амэрыканскі грамадзянін я прагаласую за любога (рэспубліканца, дэмакрата, за чорта лысага), калі ў яго праграме першым пунктам будзе — імпічмэнт Трампу.