У афіцыйным адказе, які ёсць у распараджэнні «Бюро», першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч растлумачыў, што сэрвіс недаступны ў сувязі з правядзеннем бестэрміновых рэгламентных работ: «Тэрмін заканчэння работ у дачыненні да «раскладу судовых пасяджэнняў» у цяперашні час не вызначаны. Аб аднаўленні працы дадзенага сэрвісу карыстальнікі будуць праінфармаваныя».
Гэта не першае абмежаванне на судовую інфармацыю ў Беларусі. Раней з Нацыянальнага прававога інтэрнет-партала (pravo.by) знікла база судовых рашэнняў, дзе публікаваліся рашэнні судоў, у тым ліку па адміністрацыйных справах. У афіцыйным адказе Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі гаворыцца, што адбылася «аптымізацыя»: «У рамках рэканструкцыі аддзела «Банк судовых рашэнняў» праведзены работы па аптымізацыі масіва рэсурсаў і яго інфармацыйнага напаўнення».
На пачатку красавіка выданне «Радыё Свабода» заўважыла, што ўжо каля месяца на сайце Вярхоўнага суда не публікуецца расклад судовых паседжанняў. Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што гэта чарговыя спробы ўладаў Беларусі схаваць рэпрэсіі. Акрамя раскладу судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда знік таксама раздзел аб «Спецыяльнай вытворчасці».
Яшчэ раней Вярхоўны суд абмежаваў доступ да банка дадзеных судовых пастаноў, дзе публікаваліся рашэнні па эканамічных справах.