Палітвязню Мікіце Емяльянаву, які мусіў выйсці на волю ў гэтым годзе, дадалі год зняволення
Актывіста анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі” (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.
Трэцяга лютага прайшоў суд ў Гродне, яго зноў асудзілі паводле арт. 411 КК, паведамляе @belarus_abc. Суддзя Кірыл Ефімовіч прызначыў хлопцу яшчэ год пазбаўлення волі. Агульны тэрмін зняволення Мікіты цяпер складае сем гадоў.