1995. У Шчакатоўскім лесе пад Гомлям знойдзеныя парэшткі людзей. Супрацоўнік Гомельскага абласнога музею Эдуард Чартко заявіў, што тут не было масавых расстрэлаў фашыстамі партызан ці мірных грамадзян, «інакш мы б пра гэта ведалі”. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што да вайны па начах чулі гукі стрэлаў з лесу.
На запыт пракуратуры археолагі раскапалі тры магілы. У кожнай з ям знайшлі парэшткі 44-48 чалавек, гільзы і кулі ад рэвальвера «Наган» і пісталета «Кольт». Знаходкі перадалі ў пракуратуру.
Сярод каштоўных знаходак – футляр для расчоскі з надрапаным надпісам. Расшыфроўка надпісу высветліла: ўладальнік быў арыштаваны 19.08.1937 года, знаходзіўся пад следствам да 7.10.1937, а 29.08.1937 абвінавачаны па шэрагу артыкулаў.
Археолаг Аляксандр Штыменка сцвярджаў: “расстрэлы ажыццяўляліся ў сціслыя тэрміны кастрычнік – лістапад 1937 года; усе пахаваныя загінулі гвалтоўнай смерцю ў выніку стрэлу ў патыліцу са стралковай зброі, якая стаяла на ўзбраенні ў СССР”.
2015. На сайце гомельскага Свята-Мікольскага мужчынскага манастыра з’явіўся матэрыял «1 лістапада 1937 года – дзень расстрэлу Гомельскіх праваслаўных святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх». Аўтар сцвярджаў, што ў 1937-м НКВД па сфабрыкаванай справе арыштаваў і расстраляў 56 гомельскіх святароў. Месца расстрэлу – Навабеліцкі лес (уключае Шчакатоўскі). Гэта высветлілася ў пачатку 2000-х, калі гомельскае УКДБ дазволіла царкве знаёміцца са справамі рэпрэсаваных.
2021. Генпракуратура пачынае расследаванне крымінальнай справы аб так званым генацыдзе беларускага народу. У Шчакатоўскім лесе новыя раскопкі вядзе 52-гі асобны спецыялізаваны батальён. Вайскоўцы выкрылі больша за 30 масавых пахаванняў. У самым буйным былі парэшткі каля 60 чалавек. Незалежныя археолагі і назіральнікі ў раскопках не ўдзельнічалі.
2022. Сакавік. Нам. пракурора Гомельскага раёну Аляксандр Шынкароў заявіў: «Мы прыйшлі да таго, што з 1941-га па 1943 год тут не толькі расстрэльвалі, але і часова ўтрымлівалі мірных грамадзян. Знайшлі сведкаў, якія, спасылаючыся на апавяданні маці, бабуль, кажуць пра тое, што гэта было пастаяннае месца расстрэлу. Туды людзей зганялі, ператрымлівалі ад 3 да 5 сутак. Там жа расстрэльвалі, там жа закопвалі. Выяўлена і месца бліндажу расстрэльнай каманды».
Чэрвень Парэшткі 489 чалавек перапахавалі недалёка, каля вайскова-гістарычнага комплексу «Партызанская крыніца» на месцы дыслакацыі партызанскага атраду «Бальшавік». На павароце ў лес усталявалі гранітны помнік вагой 60 тон. У цэнтры кампазіцыі – сямʼя з дзіцём як сімвал болю і пакуты мірных жыхароў.
Пазней пракурор вобласці заявіў, што з ямінаў вынялі парэшткі 875 чалавек. У адной магіле знайшлі дзве гільзы, кулю і фрагмент абоймы ад нямецкай вінтоўкі Маўзер, а таксама нямецкія флягу, манеты, фрагменты цюбікаў зубной пасты, запчасткі ад тэхнікі. У другой – гільзы, патроны і абоймы ад нямецкіх Walther MP і савецкіх – ТТ і ППШ. У трэцяй – савецкі рэвальвер. Старэйшы следчы Міхаіл Барынін тлумачыў, што такая зброя была на ўзбраенні ў НКВД, «але калі б у 1937-м годзе хто-небудзь страціў свой рэвальвер, яго прыцягнулі б да адказнасці. Зброя была персанальнай, вёўся строгі ўлік». Ён заявіў, што паводле экспертызы, гільзы належалі сістэме Нагана і былі вырабленыя ў 1932, 1935 і 1939 гадах. «Мы ўпэўненыя, што ўжывалі яго калабарацыяністы. Маглі выкарыстоўваць і фашысцкія акупанты як трафейную зброю, якую не трэба спісваць, што зручна», – пераконваў Барынін. Ён заявіў, што пошукавыя працы ў 90-я выканалі не навуковыя супрацоўнікі, таму яны прапусцілі іншыя месцы раскопак.
Жнівень. Падчас падрыхтоўкі будаўніцтва Усходняга абходу Гомля Упраўлення капітальнага будаўніцтва апублікавала справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. На схеме пазначаныя некалькі мясцінаў няўлічаных масавых пахаванняў. Адно з іх пазначанае 1941 г., а тры – у тым ліку Шчакатоўскі і суседні Батулінскі лес – 1937 годам. Аднак дакументы хутка прыбралі з вольнага доступу.