5 сакавіка 1930 года паводле загаду АДПУ пачалася масавая высылка кулакоў з БССР. Бальшавікі выганялі сялян з памежных раёнаў, высялялі заможных гаспадароў і тых, хто не хацеў ісці ў калгасы. Дэпартавалі як адзіночак, так і цэлымі сем’ямі. Людзей грузілі ў вагоны на станцыях Менск, Фаніпаль, Пухавічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Орша, Слуцк, Віцебск, Полацк, Калінкавічы ды інш., каб адправіць на Далёкі Усход, Урал і Паўночны край.
Гэта была першая, але не апошняя хваля маштабнай кампаніі калектывізацыі і раскулачвання, якая праводзілася па ўсім СССР пад кіраўніцтвам Масквы. Толькі ў 1930 годзе адбылося некалькі этапаў дэпартацыі: у сакавіку–красавіку, у траўні (адзіночак) і ў лістападзе (гэтым разам высылалі сем’і раней сасланых «адзіночак», каб тыя не ўцякалі дадому).
Праз цяжкія ўмовы жыцця людзі імкнуліся ўцячы з месцаў высылак. Часта іх арыштоўвалі і наноў ссылалі. А за беспраўна рэпрэсаванымі сялянамі ішлі тыя, хто імкнуўся іх уратаваць.
Дэпартацыйныя акцыі адбываліся і ў наступныя 1931–1935 гады. У гэты перыяд дзяржаўны тэрор супраць сялянства ў прыватнасці і ўсяго грамадства толькі набіраў абароты, каб выліцца ў Вялікі тэрор 1937–1938 гадоў.
Гісторыкі да сённяшняга дня спрачаюцца, колькі агулам было вывезена з беларускай вёскі. Называюцца лічбы ад 90 тыс. да 350 тыс. чалавек – шмат хто з іх па сённяшні дзень нерэабілітаваны. Тыя, хто выжыў у высылках, наноў траплялі ў жорны сталінскай мясарубкі ў 1937–1938 гадах. Гэтым разам шанцаў выжыць у іх было яшчэ менш. Былых кулакоў камуністы забівалі.
Да сённяшняга дня ў Беларусі няма аніводнага памятнага знака, усталяванага дзяржавай, які б нагадваў пра гэтую змрочную старонку нашай гісторыі.