ЯК АБАРАНІЦЬ СВАЕ ПРАВЫ Ў ЛІТВЕ? СУСТРЭЧА З МІХАІЛАМ БЕНЬЯШАМУчора ў віленскім офісе беларускай арг…

Dapamoga LT | Замак у Вільнюсе #Беларусы ў Літве

ЯК АБАРАНІЦЬ СВАЕ ПРАВЫ Ў ЛІТВЕ? СУСТРЭЧА З МІХАІЛАМ БЕНЬЯШАМ

Учора ў віленскім офісе беларускай арганізацыі «Наш Дом» адбылася сустрэча з юрыстам і грамадскім дзеячам Міхаілам Беньяшам.

Міхаіл шмат гадоў працаваў адвакатам у Расіі і абараняў грамадзянскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ён сутыкнуўся з ціскам расійскіх уладаў: быў аштрафаваны паводле артыкула аб «дыскрэдытацыі арміі», унесены ў рэестр «замежных агентаў», а пазней пазбаўлены адвакацкага статусу. У выніку ён пакінуў Расію і пераехаў у Літву, дзе атрымаў гуманітарны від на жыхарства.

Аднак ужо ў Літве Міхаілу давялося самому прайсці праз складаную міграцыйную і судовую гісторыю. У 2025 годзе Дэпартамент міграцыі ануляваў яго ВНЖ пасля дзвюх кароткіх паездак у Беларусь, куды ён ездзіў, каб сустрэць і праводзіць свайго малалетняга сына. Міхаіл абскардзіў гэтае рашэнне, і ў сакавіку 2026 года Вышэйшы адміністрацыйны суд Літвы стаў на яго бок: суд прызнаў абставіны паездак уважлівай прычынай і пастанавіў аднавіць яго права на пражыванне.

Менавіта таму размова атрымалася не толькі тэарэтычнай, але і заснаванай на асабістым досведзе.

Падчас сустрэчы Міхаіл распавёў пра практыку прызнання замежнікаў пагрозай нацыянальнай бяспецы ў Літве: адкуль яна з’явілася, хто можа сутыкнуцца з такім рашэннем і што рабіць чалавеку пасля яго атрымання.

Асобна гаварылі пра судовую абарону: як рыхтаваць і падаваць скаргі, як паводзіць сябе падчас судовага пасяджэння і на якія працэсуальныя моманты варта звяртаць асаблівую ўвагу. Міхаіл таксама падзяліўся сваім поглядам на тое, якія прававыя аргументы могуць заставацца без належнай увагі ў літоўскіх судах і як іх можна выкарыстоўваць пры абароне сваіх правоў, а таксама распавёў пра парадак звароту ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Для беларусаў у Літве гэтая тэма сёння асабліва актуальная: рашэнні, звязаныя з нацыянальнай бяспекай і міграцыйным статусам, могуць непасрэдна ўплываць на магчымасць чалавека жыць і працаваць у краіне.

Дзякуем Міхаілу за важную і вельмі практычную размову, а «Нашаму Дому» — за магчымасць сустрэцца і абмеркаваць тэму, якая хвалюе многіх беларусаў у Літве

Не паспелі на сустрэчу?

Міхаіл правядзе яшчэ адну падобную сустрэчу (увага: патрэбна рэгістрацыя):

Чацвер 24 верасня,
19:00
Прастора АБФ (Pylimo g. 6)

P.S. У Міхаіла таксама ёсць уласны Telegram-канал, дзе ён дзеліцца вялікай колькасцю карыснай і цікавай юрыдычнай інфармацыі.

Раім падпісацца — асабліва тым, хто жыве ў Літве і хоча лепш разумець, як абараняць свае правы на практыцы