
#МОЙ2020: ГІСТОРЫЯ 1
Святлане — 28 гадоў. З восені 2020 года яна жыве ў Вільні, працуе ў лагістычнай кампаніі, любіць жывёл і падарожжы.
Пра перамены
Пра незадаволенасць, якая нарастала
Пра пачатак выбарчай кампаніі
Пра першыя «трывожныя званочкі»
Пра страх
Пра адзінства
Пра ад’езд
Пра падзеі 9 жніўня
Пра надзею
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.
Святлане — 28 гадоў. З восені 2020 года яна жыве ў Вільні, працуе ў лагістычнай кампаніі, любіць жывёл і падарожжы.
Пра перамены
Я вельмі верыла ў перамены. На нашай працы таксама ўсе верылі, хоць гэта была дзяржаўная арганізацыя, дзе паўсюль гучала прапаганда, што без Лукашэнкі Беларусі не будзе.
Пра незадаволенасць, якая нарастала
Усе былі незадаволеныя тым, што падчас пандэміі COVID-19 у краіне фактычна не ўводзілі каранцін. Потым у некалькіх мікрараёнах Мінска адключылі ваду, і дзяржава практычна нічога не зрабіла. Людзі самі дапамагалі адно аднаму і самастойна спраўляліся з праблемамі. Тады я яшчэ больш пераканалася, што ўладу трэба мяняць.
Пра пачатак выбарчай кампаніі
Каля «Гіпа» побач з маім домам збіралі подпісы за Віктара Бабарыку — я таксама падпісалася. У Мінску стала вельмі шмат міліцыі. Выходзіш бегаць у парк — абавязкова сустрэнеш два ці тры патрулі.
Пра першыя «трывожныя званочкі»
У чэрвені мы з сябрам удзельнічалі ў пратэстным велапрабегу. На веладарожцы каля Палаца спорту на яго напалі «ціхары» і павалілі на зямлю. Ішоў моцны дождж, мы прамоклі да ніткі, але тады ўсё яшчэ ўспрымалася як нейкая прыгода — магчымасць адчуць адрэналін і паказаць, што мы смелыя і не баімся.
Потым быў пратэст пасля затрымання Віктара Бабарыкі. Я ехала па горадзе на арандаваным электрасамакаце. Паўсюль былі людзі і вельмі шмат міліцыі. І вось тады ўжо стала сапраўды страшна. Дастаткова было пасігналіць на ровары ці самакаце — чалавека маглі адразу затрымаць.
Пра страх
Я пачала думаць пра тое, каб з’ехаць з краіны яшчэ да выбараў, бо баялася, што пасля ўжо нікога не будуць выпускаць. Мы з калегай пастаянна абмяркоўвалі ўсё, што адбывалася, дзяліліся навінамі, гаварылі, хто за каго падпісаўся. Я старалася як мага часцей працаваць з дому.
Пра адзінства
30 ліпеня я пайшла на плошчу Бангалор. Там панавала неверагодная атмасфера свабоды, надзеі і радасці. Марыя, Вераніка і Святлана здаваліся сапраўднымі каралевамі. Гучалі песні, усе ўсміхаліся. Унутры была поўная ўпэўненасць, што Лукашэнку засталося ўжо зусім нядоўга.
Пра ад’езд
Я з’ехала ў Кіеў. Ужо ў першы дзень убачыла ў Facebook аб’яву пра набор валанцёраў у незалежны экзітпол. Два дні працавала там валанцёркай.
Пра падзеі 9 жніўня
9 жніўня арганізатары экзітпола запрасілі мяне на марш у падтрымку беларусаў. Разам з беларусамі і ўкраінцамі мы неслі бел-чырвона-белы сцяг ад Майдана Незалежнасці да Амбасады Беларусі.
Менавіта тады пачало прыходзіць разуменне, што Лукашэнка проста так уладу не аддасць. Вярнулася дадому позна ўвечары. Не магла дазваніцца бацькам праз інтэрнэт, таму тэлефанавала па звычайнай сувязі.
На наступную раніцу ўсе былі ў шоку ад таго, што адбывалася ў Мінску. Пасля ночы з 9 на 10 жніўня было вельмі шмат параненых. Замежныя журналісты пачалі цікавіцца сітуацыяй у Беларусі, чат беларускай дыяспары ва Украіне літаральна кіпеў. Я пагадзілася даць некалькі інтэрв’ю, дзялілася сваімі думкамі і распавядала пра тое, што адбываецца ў краіне.
Пра надзею
Пазней я вырашыла далучыцца да ініцыятывы дапамогі беларусам. Я літаральна гарэла гэтай справай. Была шчаслівая, што магу рабіць нешта сапраўды важнае і набліжаць нашу перамогу. Было адчуванне, што ўжо зусім хутка мы вернемся дадому.
Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, дасылайце яе ў telegram @dapamogadmin
Раскажыце пра свой 2020-ы. Няхай ваш голас будзе пачуты.