У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў падвалах унутранай турмы НКУС у Мінску былі расстраляныя 13…
Гэта была сапраўдная спецаперацыя, якая рыхтавалася загадзя. Першапачаткова, пастанова пра забойства нацыянальнай інтэлігенцыі была прынятая ў Маскве, і тычылася не толькі Беларусі, а ўсіх рэспублік СССР. 7 верасня Сталін, Молатаў, Варашылаў, Кагановіч і Яжоў паставілі свае подпісы пад спісам асобаў, якіх яны палічылі “ворагамі народа”. Для Беларусі гэты спіс складаўся са 103 чалавек, асуджаных на расстрэл, і 6 чалавек падлягалі высылцы ў лагеры на 10 і болей гадоў.
Мясцовыя чэкісты ў Беларусі, атрымаўшы з Масквы спіс на рэпрэсіі, дапоўнілі яго і дадалі туды яшчэ пару дзясяткаў імёнаў. Менавіта з падачы мясцовых нкусаўцаў былі расстраляныя пісьменнікі Платон Галавач і Майсей Кульбак, паэт Ізі Харык, другі рэктар БДУ Язэп Каранеўскі і нават дзейсны міністр юстыцыі Максім Ляўкоў.
Апагеем тэрору стала ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Яна засталася ў гісторыі пад назвай Чорная ноч, альбо ноч Нерасстраляных паэтаў. Тады чэкісты ў падвалах турмаў расстралялі за адзін раз усю беларускую нацыянальную эліту – 132 чалавекі. Сярод іх былі 22 паэты і пісьменнікі Беларусі: Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Тодар Кляшторны… Целы забітых вывозілі ў лес, у тым ліку ў Курапаты, і закопвалі там у загадзя выкапаных магілах.
Гэтыя людзі былі рухавікамі беларускай культуры. Гвалтоўная без віны смерць гэтых людзей сталася вялікай чалавечай трагедыяй, ранай, якая не загаілася дагэтуль. Чорная ноч перарвала натуральнае развіццё навукі, літаратуры, адукацыі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бо забілі самых адукаваных, самых таленавітых, самых дасведчаных. Гэта былі зусім розныя людзі – рознага паходжання, з розным бэкграўндам, з розных сфераў. Але іх яднала тое, што яны былі добрымі ў сваёй справе, яны былі носьбітамі беларускасці, яны ўтваралі беларускую эліту.
Мы мусім памятаць ахвяраў і шанаваць памяць забітых, плакаць па цэлым знішчаным пакаленні. А таксама рабіць усё, што ў нашых сілах, каб перарваць заганную практыку, калі быць беларусам небяспечна ў сваёй жа краіне.