Мы віншуем усіх, кто святкуе сёння Раство. За вокнамі снег і маразы, але няхай у вашых сэрцах жыву…
Андрэй Хадановіч
Цуд на Каляды
На сьвітанку сьніцца ранішняе сьвятло,
і казычуць вушы радасныя навіны,
нібы ўсё благое ў мінулае адышло,
і жыцьцё ажыло,
і сьвет такі, як павінны.
За акном сініца па зернейку хлеб дзяўбе.
Навагодні срэбраны сьнег, як нябесная манна.
І фантомныя кнігі з паліц ізноў пры табе,
бо ты ўрэшце дома, і ўвечары прыйдзе мама.
І цукеркі смакуюць, быццам ты зноў малы,
і сьвяточныя цуды ўглядаюцца ў твой падворак,
а дарослыя ўжо зьбіраюцца за сталы,
самы спрытны ўжо нават выбіў з бутэлькі корак:
“Дык за нашу і вашу, бо мае скончыцца ўсё,
як павінна скончыцца ў нашым і вашым Міжзем’і!”
Падарожнік сівы атрасе ад сьнегу крысьсё,
час дарыць падарункі, бо разам зьбіраюцца сем’і.
І калядныя вершы родзяцца ў галаве,
і сумнеўны пафас нарэшце гучыць дарэчна,
бо згадаў найлепшую рыфму да слова “жыве”,
бо знайшоў патрэбнае слова да рыфмы “вечна”.
І ўчарашні страх, як звольнены канваір,
не супыніць зорку новага ў сьвеце года.
…Ты прысьніш, нібы ў родным краі – свабода і мір.
…Ты прачнесься, а ў родным краі – мір і свабода.
Жыве Беларусь!