24 сакавіка 1794 года на Рынкавай плошчы Кракава быў зачытаны Акт паўстання, якім Тадэвуш Касцюшка абвяшчаўся Вышэйшым і Адзіным начальнікам узброеных сіл і кіраўніком усяго паўстання. Так пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Яно было спробай аднавіць незалежнасць Рэчы Паспалітай пасля другога падзелу краіны паміж Расійскай імперыяй і Прусіяй. Касцюшка, вядомы вайсковец і патрыёт, узначаліў народны рух супраць акупантаў.
Адной з ключавых падзей у пачатку паўстання стала бітва пад Рацлавіцамі 4 красавіка 1794 года, дзе войскі Касцюшкі перамаглі расійскіх салдат. У бітве пад Рацлавіцамі вялікую ролю адыгралі касінеры – сяляне, узброеныя косамі. І хаця ваеннае значэнне бітвы было невялікім, бо неабходная для польскага войска дарога з Кракава на Варшаву так і не адкрылася, маральна-палітычнае значэнне перамогі для баявога духа паўстання было неацэнным. Пасля таго як да Варшавы і Вільні даляцелі звесткі пра гэтую перамогу, у іх успыхнулі паўстанні – рускі гарнізон у гэтых гарадах быў знішчаны.
Імперскія войскі ўзялі ў аблогу Вільню ў ліпені 1794 года, але пасля двух тыдняў яны згубілі некалькі тысяч чалавек і адышлі. Аднак сілы былі няроўныя. У жніўні пад Вільню прыйшла новая армія, якая прымусіла капітуляваць сталіцу ВКЛ. У верасні 1794 года расійскія войскі пад кіраўніцтвам Аляксандра Суворава разбілі паўстанцаў пад Брэстам, а 10 кастрычніка Касцюшка быў паранены і трапіў у палон у бітве пад Мацеёвіцамі.
Пасля гэтага паўстанне пачало занепадаць, і ў лістападзе Варшаву захапілі расійскія войскі. Гэтую бітву называюць «Разнёй Прагі» па назве ўскраіны Варшавы: пасля сканчэння бітвы рускія салдаты пад кіраўніцтвам Суворава пачалі забіваць і рабаваць мірных жыхароў. Было забіта каля 20 тысяч чалавек. Нават сам Сувораў пісаў: «Уся Прага была ўсланая трупамі, кроў цякла ручаямі». За гэтую бітву Сувораў атрымаў каля 60 тысяч прыгонных сялян на тэрыторыі Беларусі.
Гэтая параза прывяла да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, пасля чаго дзяржава цалкам знікла з мапы Еўропы.
Хоць паўстанне Касцюшкі было задушана, яно засталося важным сімвалам барацьбы за свабоду. Тадэвуш Касцюшка лічыцца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і ЗША, бо раней змагаўся і ў Амерыканскай вайне за незалежнасць. Яго імем названыя вуліцы і помнікі ў розных краінах, а яго ідэі свабоды і роўнасці натхнялі многіх змагароў у наступныя эпохі.
Але, на жаль, вуліц і помнікаў Сувораву ў сучаснай Беларусі значна больш, чым Касцюшку.