21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзііДа гэтай даты — новы верш Андрэя Хаданов…

21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень паэзіі

Да гэтай даты — новы верш Андрэя Хадановіча.

Дно паэзіі

Вясна прыйшла ў мумі-дол,
паклаўшы ногі на стол,
і ты на зімовыя ўмовы
кладзеш свой прыбор пісьмовы.
Хмялееш і музу шукаеш,
і муза прыйдзе – такая ж.

І вечар скажа: пара,
травой запахне яскрава.
Хацелі кветак дабра,
а выйшла… ня ваша справа.

Бо сакавік п’яніць салодкім сокам
і ўсе «чаму» канчаюцца на «у»,
і ходзім мы пад месяцам высокім,
а яшчэ – філфакам БДУ.

…І штосьці нясе ўгару
зялёным паветраным зьмеем,
і зоркам штось гавару,
а зоркі: «Не разумеем».
Ды ў музы рыфма шыкоўная,
усіх ва ўсім пераконвае.

І рух завяршае круг,
выносячы дно на ўзвышшы.
І ўсе, хто з гора аглух,
зноў чуюць у зорнай цішы.

Здымаюць зімовы плач,
палошчуць кубак адчаю.
І я ўсім кажу: «прабач»,
і ўсім-усім прабачаю.

І яны мне вераць, калі
ўсе мы разам
ляцім
да зямлі.

І п’ю далей, колькі ўлезе я
твой чысты космас, паэзія.

А заўтра, устаўшы рана,
цьвярозую прозу з крана.