На 8 сакавіка звычайна звяртаюцца да жанчын. А мы звернемся спачатку да мужчын.
За апошнія 5 гадоў беларусы – і мужчыны, і жанчыны – перанеслі шмат гора і болю. Краіна за кратамі, не хочацца святкаваць, не хочацца ўсміхацца. Але нішто не доўжыцца вечна. Згіне дыктатура, скончыцца вайна, усе вярнуцца да нармальнага жыцця, прыйдзе час святкавання. Шаноўныя мужчыны!
Вы раскажаце пра слабы пол жанчыне, якая ваявала? Яна добра ведае, што такое сіла і што такое слабасць.
Пажадаеце заставацца лёгкай і летуценнай жанчыне, што некалькі гадоў правяла за кратамі? Яна будзе вясёлай і прыгожай для сябе, а не для грамадства.
Пажартуеце пра “калі ўжо дзеткі” з жанчынай, якая чакала свайго каханага з турмы? Яна сама разбярэцца, калі.
Што па зарплатах, журналістка, якая пацярпела за сваю прафесійную дзейнасць, праб’е “шкляную столь”, ці не?
Пенсіянерка, якая на апошнія грошы адпраўляла перадачы незнаёмцам і за гэта зазнала пераслед, дакладна ўмее “ствараць утульнасць” – не толькі для сябе і сваёй сям’і.
І дзяўчына, што вярталася ў ноч на 10 жніўня дадому акрываўленая, добра гатуе боршч, але гэта не ўсё, што яна робіць добра, і не ўсё, чым яна цікавіцца.
А жанчыны-палітыкі бачылі куды больш крыўдныя рэчы, чым фоткі катлет.
Дык няўжо жанчыне трэба прайсці праз выпрабаванні, каб даказаць, што яна не ўпрыгожванне калектыву, а паўнавартасны яго чалец?
Першае, пра што загаварыла Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні – гэта лёс іншых жанчын, якія засталіся за кратамі. Сёння ім амаль немагчыма дапамагчы. Але. Дыктатура кантралюе шмат чаго, толькі не адносіны паміж грамадзянамі. Таму ўсе мы можам ужо зараз будаваць грамадства без ганебных стэрэатыпаў. Такое грамадства, дзе людзі паважаюць і чуюць адзін аднаго. Такое грамадства, у якое гэтыя гераічныя жанчыны аднойчы вернуцца.
А цяпер – да жанчын. Дарагія, моцныя, смелыя, таленавітыя беларускі! Будзьце тымі, кім хочаце быць – сёння і кожны дзень. Няхай усё ў вас атрымаецца. Усё абавязкова атрымаецца!
Жыве Беларусь!