Час мы сапраўды не выбіраем. Калі так падумаць, то ніколі беларусы спакойна не жылі. Кожнае пакаленне зазнала ці то вайну, ці то рэвалюцыю, ці то дыктатуру, ці ўсё адразу. Быў глыток свабоды напачатку 90х, але яе хутка задушыў “крэпкі хазяйственнік”.
Але самыя цяжкія часы добра раскрываюць тых, хто побач з намі, бо не пакідаюць месца для ўсялякіх адценняў шэрага і для “я па-за палітыкай”. Вось звычайныя людзі, што апынуліся героямі. А вось іншыя – мітусяцца, нібы прусакі на кухні, дзе ноччу нечакана ўключылі святло. Вось “сілавікі”, што ператварыліся ў банду гопнікаў, і іншыя, што сышлі з сістэмы і дапамагаюць ахвярам сваіх былых калег. Вось настаўнікі, што фальсіфікуюць выбары, і выкладчыкі, што ідуць за краты разам са сваімі студэнтамі. Святары, што ўсхваляюць вайну. Святары за кратамі за антываенную пазіцыю. Хлопец з твітэра стаў эталонам мужнасці, а яго жонка – эталонам вернасці і кахання. Журналісты, што раней працавалі на праўладных каналах, зараз – фігуранты гучных спраў. Жанчына з флейтай і парваным пашпартам. Яшчэ адна жанчына, што не лічыла сябе палітыкам, але ж стала ім, бо так было патрэбна. Спартоўцы, поп-зоркі, дэмакратычныя лідары – пра ўсіх мы даведаліся, хто сапраўдны, а хто не.
За гады дыктатуры мы стаміліся ад хлусні і фальшы, і зараз фальшы не засталося. Мы нарэшце разам змагаемся за тое, каб наступныя пакаленні не ведалі ні вайны, ні рэвалюцый, ні дыктатуры. І калі цяжкія часы скончацца, мы зразумеем, што вакол нас – толькі сапраўдныя людзі.
Жыве Беларусь!