​​Вось любяць людзі тэорыі змоў. Вераць, што ўрад, спецслужбы, армія, прэса і спецыялісты-навукоўцы…

​​Вось любяць людзі тэорыі змоў. Вераць, што ўрад, спецслужбы, армія, прэса і спецыялісты-навукоўцы хаваюць ад народа нейкую дзікую і бессэнсоўную таямніцу. І Зямля насамрэч пляскатая, і на Месяц амерыканцы не ляталі, і ў вакцынах чыпы.

Нічога дрэннага мы ў гісторыях пра пляскатую Зямлю не бачым. Тым больш, калі дзяржава прызвычаілася хлусіць увогуле пра ўсё, людзей можна зразумець.

Але. Што атрымаецца, калі ў тэорыю змовы павераць тыя самыя спецслужбы, урад, армія і гэтак далей?

Атрымаецца лукашэнкаўская краіна для жыцця. Не верыце? А ў апошнія тыдні здарыліся ажно два красамоўныя выпадкі.

Кейс першы – гэта, канешне, ПВК Родан. Недзе ў Расіі пабіліся нефармалы з гопнікамі, нехта пажартаваў пра ПВК, і вось ужо спалоханыя мянты лётаюць па гарадах, хапаюць падлеткаў і маладзёнаў. Ёсць цішотка з павуком? Няма? Халера з ёй, прыйшоў у гандлёвы цэнтр – значыцца, анімэшнік-тэрарыст.

Кейс другі – прыгоды рускага ваеннага самалёта. КДБ кашмарыць уладальнікаў дронаў, стралкоў і проста мясцовых жыхароў, галоўны пацук вішчыць пра супер-тэхналогіі, айцішнікаў-тэрарыстаў і украінска-польска-натаўскі след. Ужо цяжка зразумець, откуда конкретно на Беларусь готовилось нападение.

І ў кожным слове – страх.

Людзі, якія вераць у чыпы ад Біла Гейтса, баяцца дзяржавы, новых незразумелых тэхналогій, магутных карпарацый. Баяцца адчуваць сябе маленькімі і неадукаванымі.

А чаго ж баяцца пацукі? Няўжо ўласнага народа?

Яны запісалі ўсіх дзяцей у брсм, цёткі з начосамі рэгулярна праводзілі чырвона-зялёныя святы ў школах, ідэолагі, праўладныя блогеры, перапісаныя падручнікі, сустрэчы з міліцыянтамі – усё было. А дзяцей цікавіць нешта іншае! Іх увогуле нешта цікавіць! І тут ужо не так важна, што канкрэтна: страйкбол, эльфы з оркамі, спевы Білі Айліш ці анімэ. Яны любяць, яны самастойна вучацца, яны сябруюць, яны аб’ядноўваюцца па інтарэсах, а што далей? Пойдуць на вуліцы і зрынуць гэтую ўладу? Дарэчы, колькі анімэ ёсць пра паўстанні супраць дыктатур?

А гісторыя з самалётам? Запалохалі, задушылі, пасадзілі каго маглі, даюць па 9 гадоў за фоткі ваенных аэрадромаў. Але адзін выпадак, і вось маленькія вартыя жалю пацучкі дрыжаць перад вялікім адукаваным светам. І хочацца верыць у дэманічнае НАТА, суперзлодзея Зяленскага, ЗСУ з тэхналогіямі з фільмаў Марвэл, бандэраўцаў і іншаземных наймітаў, і невядома што яшчэ. Бо ўсё гэта не так страшна, як маленькі танны дрон з Аліэкспрэса, які акуратна знаходзіць дзірку ў расейскай СПА. Ніякіх фантастычных тэхналогій: дрон, смартфон, бот у тэлеграме і беларускія партызаны.

А што такое, пацукі? Непрыемна жыць у антыўтопіі, якую самі ж пабудавалі? Непрыемна быць тупымі, калі навокал дастаткова разумных і адукаваных? Вы пакінулі ў сваіх шэрагах толькі шэрую масу, вы ператварылі армію і міліцыю ў ПВК імя аднаго чалавека, а цяпер палюеце на дзяцей у гандлёвых цэнтрах і на ўладальнікаў дронаў? І ўжо не таму, што трэба нас запалохаць. Вы самі баіцеся. Усяго баіцеся.

Падабаецца? Прывыкайце.

Жыве Беларусь!