Старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы. я з тых, што ніколі болей не прыйдуць дадому: арыштаваны паўторна, артыкул вядомы, асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым.
выводзілі па адным, звычайна пад вечар, ілбом да сцяны, без рэчаў – якія там рэчы, далонь да плячэй, і бразнулі дзверы, як вечка –ніхто з нас не ведаў яшчэ: наперадзе – вечнасць.
колькі было нас? сотні, ці, можа, тысячы, знішчылі голас, з памяці сцерлі абліччы, творы, імёны – а засталіся лічаныя: купала, колас і паўтара ананімшчыка.
згадвайце часам нас на дзяды і на радаўніцу – усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам, паэтаў, празаікаў, крытыкаў, перакладчыкаў – прывет вам у вашае гета з нашае вязніцы.
працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі, пішыце замест, усім дакажыце – вы лепшыя, усё, што на допытах з нас не вырвалі следчыя – аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сведчанні.