Чую тваю жаўруковую музыку Ў скошаных травах мурожных, Мова! Як сонца маё беларускае, Ты свецішся словам кожным. Цябе і заворвалі, і закопвалі. I ўсё ж нашы продкі праз гора Данеслі да нас цябе, родную, цёплую, Жывую і непаўторную. I калі ты мяне толькі паклічаш, Памру за цябе без енку. Нашу я любоў да цябе вялікую У сэрцы сваім маленькім.
26 студзеня 1990 г беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Яна і зараз дзяржаўная. Фармальна. А рэальна… усе мы ведаем, што рэальна. Каб размаўляць па-беларуску ў Беларусі, патрэбна смеласць.
Але. Нягледзячы ні на што, яна побач. Прабіваецца, як трава скрозь асфальт у самых нечаканых месцах. Яна пароль і водгук беларусаў. Яна – у маленькіх сэрцах людзей, і ў вялікім сэрцы народа. І яе час прыйдзе зноў.