Часам чалавек у “судзе” застаецца без падтрымкі, асабліва, калі родных няма, а сяброў і калег запалохалі. І яго адзінай падтрымкай робяцца мужныя незнаёмцы, такія, як Віталь. Яны рызыкуюць, яны перажываюць чужыя трагедыі. Яны – назіральнікі.
Усе, хто падтрымлівае беларусаў, – ворагі для рэжыму, але адкуль такое шаленства менавіта ў гэтым выпадку? Ці не таму, што Віталь – сведка дзясяткаў злачынстваў? Бо як яшчэ назваць тое, што адбываецца за дзвярыма лукашэнкаўскіх “судоў”?
А злачынцы баяцца сведкаў. Злачынцы запалохваюць сведкаў. Злачынцы імкнуцца пазбавіцца ад сведкаў. Чаму? Таму што аднойчы адбудзецца суд (не блытаць з “судамі”), дзе сведкі тыя будуць сведчыць.
І здавалася б – так толькі ў заходніх дэтэктывах, якія дапускаюць вяршэнства закону. Але глядзіце, пацукі ў гэтым плане дзейнічаюць акурат як мафія ў танным амерыканскім фільме: імкнуцца запалохаць усіх, хто мог задакументаваць іх злачынствы. Навошта, таварышы міліцыянты? Вы ж не верыце ў правасуддзе?
Верыце, верыце. Ведаеце, што аднойчы раптам стане “да законаў”, і трэба будзе адказваць. “Суддзі” з “пракурорамі”, дарэчы, таксама ведаюць, хто сапраўдны злачынца, таму так шмат закрытых “судоў”.
Але. Ніхто не задакументуе пацуковы злачынствы лепш за саміх пацукоў. Колькі ўжо дрэў знішчана, колькі паперы змарнавана! І на кожным аркушы – чыйсьці подпіс. А колькі дзяржаўных узнагарод уручана, колькі званняў нададзена? Кожнае званне – таўро злачынцы. Кожнае слова, агучанае ў “судзе”, ператворыцца ў запіс. Рукапісы мо і гараць, а вось крымінальныя справы – не. У танных фільмах пра бандытаў лепшымі сведкамі робяцца іншыя бандыты. У жыцці, дарэчы, таксама.
Свабоду Віталю Чопіку!
Злачынцы адкажуць!
Жыве Беларусь!