Але што гэта за слова такое – памёр? Памерці можна на волі. Людзей хапаюць ні за што, збіваюць, катуюць, кідаюць за краты. Пагражаюць родным, дзецям. Не перадаюць лісты, перадачы, лекі. Не аказваюць медычную дапамогу. І раптам, раптам яны “паміраюць”. Ад “хваробы”.
Не, сябры. Кожная смерць за кратамі – забойства. Прагавітая да крыві пачвара забрала яшчэ адно жыццё. Не сваімі сінімі пальцамі, а рукамі іншых пачвар.
Усе яны лічаць, што забіваць – гэта іх права. Законаў, якім яны абяцалі служыць, для іх не існуе. І ўсё ж нешта перашкаджае ім гучна сказаць “так, гэта мы забілі, паглядзіце, мы можам! ААН, як вы там, дастаткова заклапочаныя? ”
Не. Кожны раз яны сарамліва прыкрываюцца заключэннямі аб смерці. Чаму? Таму што ведаюць: недазаконне – гэта часовы стан, а некаторыя злачынствы не маюць тэрміну даўнасці.
Але ніякі дакумент, выраблены недазаконнем, не дакажа невінаватасць катаў. Наадварот, гэта доказ спробы схаваць забойства. У паперы добрая памяць. У людзей – таксама.
Беларусь была і будзе жыць. Вечна. Вечна – гэта дастаткова часу, каб знайсці кожнага забойцу.
Светлая памяць Аляксандру Кулінічу.
Забойцы адкажуць!
Жыве Беларусь!