​​Сябры, а вы таксама ад замежнікаў (дарэчы, нават ад бліжэйшых суседзяў) чулі адныя і тыя ж стэрэат…

​​Сябры, а вы таксама ад замежнікаў (дарэчы, нават ад бліжэйшых суседзяў) чулі адныя і тыя ж стэрэатыпы пра Беларусь? Мінск – вельмі чысты горад. Дарогі добрыя, дранікі смачныя, парадак ва ўсім, на палях нешта расце, прыгажосць!

Мабыць, добрым людзям, якія цэняць дранікі і чысціню, будзе цікава даведацца, што акрамя тысяч беларусаў у самых чыстых (насамрэч не) турмах сядзяць яшчэ і некалькі дзясяткаў замежнікаў?

Украінцы прыязджаюць хавацца ад вайны пад наша самае мірнае неба – і ператвараюцца ў шпіёнаў. Нават з шаснаццацігадовай дзяўчыны кдб і прапаганда зрабілі камандзірку дыверсантаў. Расіяне – ну мы ж у саюзнай дзяржаве, таму мянты з імі абыходзяцца не лепш, чым з беларусамі. І шмат яшчэ хто з замежнікаў выпадкова трапіўся “красаўцам”.

А вось з апошняга. Грамадзянку Літвы Алену Романаўскіене асудзілі да 6 гадоў за агентурную дзейнасць. Нібыта спадарыня Алена – літоўская шпіёнка. Чым жа яна займалася, што мела доступ да нейкіх сакрэтных дадзеных? Насамрэч, яна была супрацоўніцай санаторыя “Беларусь” у Друскеніках, таго самага, які пад санкцыямі ўжо не першы год. Па версіі следства жанчына, завербаваная літоўскай разведкай, неаднаразова перадавала ворагу звесткі пра пастаяльцаў санаторыя, у тым ліку, беларускіх чыноўнікаў.

Што ж за звесткі з санаторыя “Беларусь” маглі дапамагчы літоўскім спецслужбам у барацьбе супраць нашай стабільнасці? Каму з чыноўнікаў якую клізму ставілі? І чаму яны (чыноўнікі)  ўвогуле абралі клізмы ў краіне NATO, а не на Нарачы? Так шмат пытанняў, на якія наўрад ці адкажа чарговы кінашэдэўр ад кдб.

Але як жа ж шкада такіх людзей, як Алена. Жывеш сабе ў Еўропе, працуеш, сітуацыяй у Беларусі не цікавішся, спакойна едзеш па рабоце ці да родных. Але на беларускім тэлебачанні патрэбны новыя шпіёны, і вось ты ў сіза, нічога не разумееш. Спадзяешся, што разбяруцца, але разбірацца ніхто не будзе – цябе назначылі злачынцай у цалкам выдуманай справе.

Недазаконне не глядзіць на колер пашпарта. Ніякай дыскрымінацыі! Недазаконне не пытае, ці добра ты ведаеш палітычную сітуацыю краіны, у якую едзеш. Недазаконне палюе на людзей проста таму, што можа.

Невядома, што зробіць Літва для абароны сваёй грамадзянкі. Але няхай такія выпадкі адкрываюць вочы еўрапейцам. Не толькі палітыкам – простым людзям. Лукашэнкаўская Беларусь – гэта не дранікі і чыстыя вуліцы. Гэта дыктатура. Сапраўдная дыктатура. Не трэба весці з ёю бізнес, не трэба ездзіць. А ўрадам еўрапейскіх краін час ужо зразумець, што толькі жорсткі ціск на рэжым, толькі санкцыі спыняць рэпрэсіі і абароняць і беларусаў, і грамадзян іншых краін.

Менш слоў – больш санкцый!
Свабоду усім палітвязням!
Жыве Беларусь!