​​Сто гадоў Васілю Быкаву. Ведаеце, у школьных падручніках па літаратуры любяць пра розных аўтараў к…

​​Сто гадоў Васілю Быкаву.

Ведаеце, у школьных падручніках па літаратуры любяць пра розных аўтараў казаць: “ён адлюстроўваў рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, таму ён сапраўдны пісьменнік”.

Але каб быць сапраўдным, пісьменніку зусім не абавязкова “адлюстроўваць рэчаіснасць”. Можна пісаць пра магію ці касмічныя палёты, і быць сапраўдным. Але ёсць, на наш погляд, адзін просты крытэрый сапраўднасці: пісьменніку нельга хлусіць.

Просты, ды не просты. Бо заўсёды будзе спакуса дадаць крышачку падману. Заўсёды знойдуцца тыя, хто чакае ад пісьменніка няшчырасці: цэнзар, які сточвае свой чырвоны аловак над чужымі рукапісамі, ці публіка, якой падабаюцца хэпі-энды. Няпроста стаць сапраўдным пісьменнікам і няпроста ім заставацца.

І няпроста застацца чалавекам, калі вакол у брудзе і крыві гінуць людзі, а тыя, што не загінулі, часам скідаюць маскі і адкрываюць свае твары – непрывабныя, страшныя, нечалавечыя. Няпроста прайсці вайну і потым несці яе з сабою, калі побач пацукі прыдумляюць герояў і хаваюць архівы злачынстваў.

Няпроста бачыць, як твая краіна губляе свабоду. Не ў адзін момант, а памалу. Няпроста змагацца за яе супраць ворагаў, якіх іншыя не распазналі.

Няпроста. Але магчыма.

Мы стаміліся ад несапраўднага, ад хлусні, ад цэнзараў, ад пацукоў у гальштуках ці пагонах, ад вайны дзяржавы з народам. І адзіны шлях выжыць і перамагчы – гэта быць сапраўднымі.

З днём народзінаў, Васіль Уладзіміравіч, сапраўдны пісьменнік, сапраўдны чалавек і сапраўдны патрыёт Беларусі! І дзякуй вам.

Беларусь ніколі не адкажацца ад волі.

Жыве Беларусь!