«Гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду», – Святлана Ціханоўская – да Дня аднаўле…

«Гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду», – Святлана Ціханоўская – да Дня аднаўлення незалежнасці Беларусі

«Мае дарагія беларусы! 33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.

Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.

У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны.

Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень.

Я хачу павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры.

Жыве Беларусь!»

Цалкам зварот чытайце па спасылцы.