Цяперашні апостальскі адміністратар у Кыргызстане, айцец Антоні Коркаран SJ, прыняў біскупскае пасвячэнне з рук кардыналам Джорджыа Марэнга. Біскупскае прызначэнне амерыканскаму езуіту з’яўляецца выразным сігналам падтрымкі Святога Пасаду невялікай, але надзвычай актыўнай каталіцкай супольнасці ў краіне. У цырымоніі ў Рыме, прынялі ўдзел святары, якія служаць у краінах Цэнтральнай Азіі, дыпламатычныя прадстаўнікі і галоўны імам Кыргызстана.
Біскупскае пасвячэнне мае фундаментальнае значэнне для структуры і ідэнтычнасці мясцовага Касцёла, які ў цяперашні час налічвае каля тысячы вернікаў.
Павышэнне айца Коркарана SJ да біскупскай годнасці, а таксама нядаўняе атрыманне ім грамадзянства Кыргызстана, забяспечвае супольнасці прававую стабільнасць і стымул для далейшай дзейнасці. «Я малюся, каб рашэнне Касцёла прызначыць мяне біскупам сапраўды ўмацавала вернікаў і паслужыла агульнаму дабру ўсяго грамадства», — сказаў айцец Коркаран SJ.
Падчас візіту ad limina біскупаў Цэнтральнай Азіі ў 2019 годзе Папа Францішак ахарактарызаваў каталіцкую супольнасць Кыргызстана як germoglio — вясновыя парасткі. Сапраўды, католікі складаюць нязначную меншасць у краіне з насельніцтвам больш за сем мільёнаў чалавек, прыкладна 90 працэнтаў з якіх — мусульмане. Нягледзячы на невялікія памеры, роля Касцёла значна перавышае яе колькасць.
Супольнасць імкнецца будаваць агульнае дабро і міжрэлігійны дыялог, незалежна ад рэлігіі яе жыхароў. Значным праяўленнем гэтай прыхільнасці з’яўляюцца яе шматлікія дабрачынныя і адукацыйныя ініцыятывы, у тым ліку дзіцячы сад у Бішкеку і цэнтр адпачынку і рэабілітацыі на возеры Ісык-Куль, якім кожнае лета бясплатна карыстаюцца больш за тысячу дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Асабіста для айца Коркарана SJ яго пасвячэнне — гэта заклік цалкам прысвяціць сябе патрэбам мясцовай супольнасці. «Я бачу ў гэтым пакліканне аддаць усё, што магу, у адказ на патрэбы гэтай супольнасці», — сказаў амерыканскі езуіт у інтэрв’ю KAI. Айцец Коркаран SJ бачыць будучыню Касцёла ў Кыргызстане ў глыбокім укараненні ў мясцовую культуру і ўзмацненні вывучэння кыргызскай мовы, што дазволіць эфектыўна працаваць з маладзейшым пакаленнем. Слупамі развіцця застаюцца таксама будаўніцтва новага кафедральнага сабора і душпастырскага цэнтра ў Бішкеку, а таксама актывізацыя душпастырскай місіі на поўдні краіны.
Першым каталіцкім біскупам Кыргызстана быў біскуп Нікалаус Мессмер, езуіт нямецкага паходжання, які нарадзіўся і вырас у Карагандзе (Казахстан). Ён служыў біскупам з 2006 па 2016 год. Пасля яго смерці апостальскім адміністратарам быў часова прызначаны айцец Янэс Міхельчыч SJ са Славеніі, а затым, з 2018 года, гэтую пасаду займаў айцец Коркаран SJ.
Пераклад Марыны Ткач (ekai.pl)