Як адзін з сымбаляў перажытай беларускім народам трагедыі Архімандрыт Сяргей нагадаў прысутным верні…

Як адзін з сымбаляў перажытай беларускім народам трагедыі Архімандрыт Сяргей нагадаў прысутным вернікам пра Росіцу і подзьвіг каталіцкіх сьвятароў-марыянаў блаславёных Юрыя Кашыры і Антона Ляшчэвіча, якія прынялі там мучаніцкую сьмерць разам з сваімі парафіянамі. Невялікую памятку з Росіцы Апостальскі адміністратар грэка-католікаў Беларусі перадаў Папу Рымскаму Льву XIV падчас юбілейнай пілігрымкі ў траўні 2025 году прадстаўнікоў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў у Рым у Год надзеі.

Таксама архім. Сяргей Гаек узгадаў першага грэка-каталіцкага экзарха Беларусі а. Антона Неманцэвіча, які за сваю дзейнасьць быў арыштаваны нацыстамі ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне пад Слонімам і загінуў як вызнаўца веры ў турме СД у Менску.

Памятаюць берасьцейскія грэка-католікі і пра трагедыю спаленых вёсак з уніяцкай парафіі ў Бабровічах, што ў Івацэвіцкім раёне, якія былі зьнішчаныя падчас карнай аперацыі нацыстаў. Пра гэта ім ня раз апавядалі ў Бабровічах мясцовыя вернікі, ахрышчаныя вядомым грэка-каталіцкім сьвятаром-асьветнікам Баляславам Пачопкам, якія цудам выжылі тады. Вечная памяць ахвярам вайны!