У славянскіх і італьянскіх землях было ўстаноўлена свята Перанясення мошчаў св. Мікалая, біскупа Мі…

У славянскіх і італьянскіх землях было ўстаноўлена свята Перанясення мошчаў св. Мікалая, біскупа Мір Лікійскіх, у горад Бары, якое адзначаецца 9 траўня.

Цела лікійскага свяціцеля пасля яго смерці ў IV ст. спачывала ў горадзе Міры. У 1054 г. Царква падзялілася на Усходнюю і Заходнюю. Візантыя, акрамя таго, пакутавала ад мусульманскай экспансіі. Заваёўнікі захапілі Малую Азію. Рэліквія ў Мірах знаходзілася пад пагрозай апаганьвання. Гэта было ў 1087 г. падчас праўлення імператара Аляксея Комніна і патрыярха Канстанцінопальскага Мікалая Граматыка.

У той час у Антыёхію падарожнічалі купцы з італьянскіх гарадоў Бары і Венецыі. Па дарозе яны спыніліся ў царкве ў Мірах Лікійскіх, дзе ў саркафагу захоўваліся мошчы св. Мікалая Цудатворцы, звязалі манахаў, якія іх ахоўвалі, і пад пагрозай зброі скралі святыню. Адкрыўшы труну, яны выявілі яе поўную духмянага міра. 8 траўня цела святога яны перавезлі морам у горад Бары, а на наступны дзень урачыста перанеслі яго ў царкву св. Сцяпана. Уласна, памяць пра гэтую падзею адзначаецца 9 траўня.

Святкаванне Перанясення мошчаў св. Мікалая спачатку замацавалася ў самым г. Бары, дзе ў 1088 г. Папа Урбан II асвяціў храм у гонар мірлікійскага святога. Яно таксама распаўсюдзілася сярод грэкаў паўднёвай Італіі. Яго галоўны акцэнт быў зроблены на выратаванні мошчаў ад мусульман.

На Русі шанаванне св. Мікалая Цудатворцы ўжо значна пашырылася, таму новае свята ў яго гонар, запазычанае з Італіі, лёгка прыжылося ў народзе. Афіцыйна яго зацвердзіў мітрапаліт Кіеўскі Яфрэм у канцы XI ст.