Памяць Св. Сцяпана, першамучаніка
У другі дзень пасля радаснага свята Раства Царква ўспамінае мучаніцтва першамучаніка Сцяпана. Здавалася б, зусім не час казаць пра смерць, калі толькі што здзейсніўся вялікі цуд нараджэння Божага Дзіцятка. Але тут таксама гаворка аб нараджэнні, толькі іншым – нараджэнні для вечнага жыцця.
Св. Сцяпан быў адным з сямі памочнікаў апосталаў у Ерусалімскай Царкве. Паводле Дзеяў святых Апосталаў, быў «мужам, поўным веры і Духа Святога», прапаведаваў Евангелле з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць.
Быў прыцягнуты да суда Сінедрыёна і пабіты камянямі за хрысціянскую пропаведзь у Ерусаліме каля 33-36 года. Забойства Сцяпана стала пачаткам ганенняў на актыўную частку ерусалімскай абшчыны, у якіх вядучую ролю адыграў Саўл Тарсійскі – будучы апостал Павел.