У 1939 г., з блаславення вышэйшых духоўных уладаў Ордэна марыянаў у Рыме ён паступіў на тэалагічны факультэт Папскага Грыгарыянскага універсітэта. Там, у Рыме, 16 чэрвеня 1942 г. быў рукапакладзены ў святары ў візантыйскім абрадзе. Далей ераманах Чэслаў прадоўжыў вучобу ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў 19 снежня 1946 г. доктарскую дысертацыю, прысвечаную беларускаму ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму.
У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыi Усходніх Цэркваў а. Чэслаў Сіповіч быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталiцкай Мiсii ўсходняга абраду ў Вялiкабрытанii і з красавiка таго ж года распачаў сваё служэнне ў Лондане.
Трэба ўзгадаць, што ў 1949 г. а. Чэслаў Сіповіч, разам з кс. Пятром Татарыновічам і а. Львам Гарошкам, пачалі намаганні, каб Ватыканскае радыё трансліравала свае праграмы і на беларускай мове.
4 жніўня 1960 г. а. Чэслаў Сіповіч атрымаў біскупскую хіратонію і Папам Янам ХХІІІ быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларусаў у замежжы. Такім чынам, пасля 120 гадоў (ад г. зв. Полацкага “сабору” ў 1839 г. – – г. зн. ад “ліквідацыі” структур Уніяцкай Царквы царскімі ўладамі) беларускія грэка-католікі атрымалі свайго біскупа.
У 1962-1965 гадах біскуп Чэслаў Сіповіч удзельнічаў у працы ІІ-га Ватыканскага сабору, дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў.