14 студзеня – успамін сьвятых айцоў, у Сінаі і Раіце забітых
Сьвятыя айцы, забітыя сарацынамі і вандроўнымі арабскімі плямёнамі, вялі аскетычнае жыцьцё ў манастырах і пячорах Сінаю. Яны ўцяклі туды з Егіпту, дзе панаваў крывавы перасьлед хрысьціянаў у часы рымскага імператара Дэцыя (249-251). У Сінайскіх пячорах яны харчаваліся толькі расьлінамі.
Каб абараніць іх ад нападаў розных паганскіх плямёнаў, цэзар Юстыніян у 527 годзе збудаваў прыгожы манастыр, вядомы з ІХ ст. як манастыр сьв. Кацярыны, які існуе і сёньня.
Вы, сьвятыя, добра змагаліся і адважна перацярпелі барбарскі напад; забітыя мячамі, вы аддалі душы вашы і, атрымаўшы мучаніцкія вянцы, жывеце цяпер разам з анёламі. Вялікія вашы цярпеньні, большая за іх узнагарода: дык маліцеся за збаўленьне душ нашых.