У той час Ісус праходзіў праз Ерыхон. І вось чалавек, званы імем Закхей, які быў начальнік мытнікаў і быў багаты, імкнуўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы ростам; і, забегшы наперад, узлез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
І калі прыйшоў Ісус на гэтае месца, то, паглядзеўшы, убачыў яго і сказаў яму: “Закхей! Хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім належыць Мне быць”. І той паспешна злез і прыняў Яго з радасцю. І ўсе, убачыўшы гэта, наракалі, кажучы: “Да грэшнага чалавека зайшоў Ён”.
Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: “Вось, палову маёмасці маёй, Госпадзе, я дам убогім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Сказаў яму Ісус: “Сёння настала збаўленне дому гэтаму, таму што і ён – сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і збавіць тое, што загінула”. (Лк. 19, 1-10)