Блаславёны Юрый Матулевіч нарадзіўся 13 красавіка 1871 г. у Лугіне каля Марыямпаля. Паходзіў з літоўскай сям’і. У 1884 годзе скончыў 4 класы гімназіі ў Марыямпалі, пасьля скончыў сярэднюю адукацыю ў Кельцах. У 1891 годзе паступіў у каталіцкую духоўную семінарыю ў Кельцах, а калі яе расейскія ўлады зачынілі, то працягваў навучаньне ў Варшаве (1893-1895). Пасьля яе заканчэньня быў накіраваны для працягу студыяў у Пецярбурскую духоўную Акадэмію (1895-1899). Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў у 1898 годзе. У 1899-1902 гг. навучаўся ў Фрыбургу ў Швэйцарыі, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі.
Наступныя гады вёў актыўную навуковую, грамадскую і душпастырскую дзейнасьць у Кельцах, Варшаве і Пецярбургу. У 1909 годзе таемна ўступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў і падрыхтаваў праект ягонага аднаўленьня. У 1911 годзе стаўся генеральным настаяцелем Кангрэгацыі і перанёс навіцыят у Фрыбург у Швэйцарыю. У 1918 годзе Папа Бенядыкт ХІV намінаваў яго біскупам Віленскім.
Як біскуп з пашанай ставіўся да кожнага народу. Меў шырокія кантакты з айцамі з Беларусі. Ахвотна падтрымліваў беларускія пачынаньні, якія датычыліся выданьня каталіцкіх часопісаў і кніжак па-беларуску. Быў адным з заснавальнікаў беларускага манастыра айцоў-марыянаў у Друі і Кангрэгацыі сясьцёр-эўхарыстак (1923). Бласл. Юрый заахвочваў айцоў шанаваць і шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў рэлігійным і душпастырскім жыцьці.
Памёр 27 студзеня 1927 г. ў Коўне. Пахаваны ў Марыямпалі. Папа Ян Павал ІІ 28 чэрвеня 1997 г. далучыў яго да ліку блаславёных.