Прыйдзіце, сьвятымі песьнямі уславім багамоўнага Рыгора, вока ласкі, мудрыя вусны Духа Сьвятога, ясн…

Прыйдзіце, сьвятымі песьнямі уславім багамоўнага Рыгора, вока ласкі, мудрыя вусны Духа Сьвятога, ясны сьветач сусьветны, вялікае царкоўнае прапаведаваньне, славу правай веры, цудоўны струмень багаслоўя, боскіх догмаў вечнацечную раку, крыніцу вечна жывую, поўную боскае вады нятленнасьці.

З любоўю ўсхвалім у песьнях сёньня сьвятаначальніка, роўнага норавам з апосталамі, змагара за пабожнасьць, поўню дабрамоўнасьці, салодкі струмень навучаньня, моц словаў высакамоўных; вусны, што гукалі, быццам гром з неба; язык, што дыхаў агнём; мудрасьці скарбніцу, прапаведніка Слова, умацаваньне верных.

Песьнямі дастойнымі ўсхвалім багаслова, ахоўніка Хрыстовае паствы, лаўца ваўкоў і мудрага ачышчальніка ад пустазельля; цудоўнага сейбіта праўдзівых догмаў, ад ерасяў моцнага абаронцу, што, як належыцца, вырасьціў боскаю чуйнасьцю Хрыстовыя таленты, і прасьвятліў сьвет зьзяньнем боскіх вучэньняў.