Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя анёлы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй, і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: “Прыйдзіце, блаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, угатаванае вам ад стварэння свету: бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасмяглага і напаілі? калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?” І Цар скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне”.
Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго: “ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны дыявалу і анёлам яго: бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне”. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?” Тады скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне”.
І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыццё вечнае. (Мц. 25, 31-46)