8 лютага – памяць велікамучаніка Тодара Страцілата Сьвяты Тодар, званы “Страцілат”, значыць “ваявод…

8 лютага – памяць велікамучаніка Тодара Страцілата

Сьвяты Тодар, званы “Страцілат”, значыць “ваявода”, гэта той самы сьв. Тодар Тырон, памяць якога сьвяткуем 17 лютага. Ён быў легіянерам арміі цэзара Максіміяна і перабываў са сваім гарнізонам у Понце (Малая Азія).

У той час быў вялікі перасьлед хрысьціянаў. Як хрысьціянін ён адмовіўся складаць ахвяры рымскім бажкам, але трыбун даў яму час перадумаць. Тодар жа, каб падкрэсьліць сваё асуджэньне ідалапаклонства, падпаліў вядомую сьвятыню “Маці багоў”. У тую ж хвіліну яго арыштавалі і аддалі на вялікія мучэньні. Урэшце ў 306 годзе яго спалілі жыўцом.

Атрымаў лацінскую назву “Тырон”, паколькі як толькі быў упісаны ў кагорту маладых рэкрутаў, адважна вызнаў сваю веру ў Хрыста.

Сёньня зазьзяла ярчэй за заранку пачэсная памяць вялікамучаніка Хрыстовага, прасьвятляючы нябачна сэрцы верных і разганяючы хмары душаў дзеяньнем і сілаю Сьвятога Духа. Дык усклікнем яму, мучанікалюбцы: “Радуйся, Тодар блаславёны, бо ты паказаў сябе ласкаю, Богам дадзенаю для верных, чынячы мноства цудаў для тых, што прыходзяць да цябе. Не пераставай маліць Хрыста, каб нам, якія спраўляем пачэсную памяць тваю, атрымаць вечныя даброты”.