Прыйшоўшы ад нязбожнасьці да праўдзівай веры і прасьвятліўшы сьвятлом пазнаньня розум, будзем пляскаць у далоні і голасна пяяць, аддаючы хвалу і падзяку Богу. Адкінем нязбожныя ілжывыя вучэньні і з належнай пашанай паклонімся вобразам Хрыста, Багародзіцы, і ўсіх сьвятых, што намалёваныя на сьценах, на дошках і на сьвятых посудах. Бо, як кажа Васіль, гонар, які аддаецца вобразу, пераходзіць на таго, каго ён прадстаўляе. Малітвамі Ўсячыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых, молім Цябе, Хрысьце Божа наш, дараваць нам багацьце Твайго зьмілаваньня.
Прадстаўляючы Твой вобраз на іконах, Хрысьце, мы адкрыта прапаведуем Тваё нараджэньне, Твае невыказныя цуды і дабравольную сьмерць на Крыжы. Такім чынам бесы ў страху ўцякаюць, а іхнія паплечнікі, што адкідаюць праўдзівую веру, пакрытыя сорамам, плачуць.
Сёньня настаў дзень поўны радасьці і весялосьці, бо краса праўдзівых догмаў зіхаціць і зьзяе. Царква Хрыстовая ўпрыгожваецца адноўленымі сьвятымі іконамі і сьветлымі вобразамі, і суладзьдзе верных, Богу прыемнае, зноў пануе.