Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі пост Госпад гордым працівіцца, пакорным дае ласку….

Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі пост

Госпад гордым працівіцца, пакорным дае ласку.

Мудрыя будуць жыць у славе, лёс неразумных – ганьба.

Слухайце, дзеткі, радаў бацькі, будзьце уважлівыя, каб пазнаць мудрасьць. Дар добры даю вам: не пагарджайце маёй навукай; бо і я быў сынам бацькі майго, любімцам маёй маці, і ён навучаў мяне гэтымі словамі: Хай у сэрцы тваім будуць схаваныя словы мае, сьцеражы навукі маёй, каб жыць; мей мудрасьць, мей разважнасьць, слоў вуснаў маіх не забывай; не пагарджай ёю (мудрасьцю) – яна будзе табе ратункам; палюбі яе – яна будзе сьцерагчы цябе.

Пачатак мудрасьці: здабывай мудрасьць, за ўсякую цану набывай яе. Шануй яе, і яна цябе акружыць пашанай, пакрые славаю, калі ты яе будзеш мець; узложыць на галаву тваю вянец ласкі, вянцом ганаровым абдорыць цябе.

Паслухай мяне, сыне, прымі мае словы, і дні жыцьця твайго памножацца. Пакажу табе дарогу мудрасьці, павяду цябе сьцежкамі праведнасьці. Калі пойдзеш туды – крокі твае будуць свабодныя, не спатыкнешся, хоць бы бег хутка.. Слухай навукі і не пагарджай ёю, сьцеражы яе, бо яна для цябе – жыцьцё.

На шлях грэшнікаў не ідзі, і не хадзі дарогаю нязбожных. Пазьбягай яе, не зыходзь на яе, абмінай яе, адвяртайся ад яе. Бо яны не заснуць, пакуль ня зробяць нечага злога, сон іх ня возьме, калі ня ўчыняць шкоды, бо яны ядуць хлеб няправеднасьці і п’юць віно насільля.

Сьцежкі праведных – быццам сьветлая заранка, што ўзыходзіць і мацнее аж да поўдня. Дарога грэшнікаў быццам густы змрок: ня ведаюць, калі ўпадуць.

Слухай, сыне, слоў маіх, да маіх навучаньняў прыхілі вуха: хай яны не зыходзяць з вачэй тваіх, захоўвай іх старанна ў сэрцы; бо яны – жыцьцё для тых, што іх прынялі, лякарства для іхняга цела. (3:34–4:22)