Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі постСын мудры – радасьць бацькі, неразумны – горыч…

Чытаньне з кнігі Прыповесьцяў на Вячэрні ў Вялікі пост

Сын мудры – радасьць бацькі, неразумны – горыч для маці.
Не прыносіць карысьці няправеднае багацьце, а праўда збаўляе ад сьмерці.
Госпад не дапусьціць душы праведнага цярпець голад, але адкіне жаданьні нязбожных.
Лянівая рука даводзіць да беднасьці, а старанная рука прыносіць багацьце.
Разумны сын, які зьбірае летам; бязьдзейны сын, што сьпіць у часе жніва.
Блаславеньне Гасподняе на галаве праведніка, а вусны нязбожных поўныя перадчаснага плачу.
Памяць праведнага поўная хвалы, імя нязбожных гіне (бяз сьледу): Мудры сэрцам прымае запаветы, а дурань спатыкнецца вуснамі сваімі.
Хто ходзіць беззаганна, ходзіць бясьпечна; хто ходзіць па распусным шляху, будзе пакараны.
Хто моргае вокам, прыносіць цярпеньні; хто адкрыта дакарае, наводзіць супакой.
У руцэ праведнага крыніца жыцьця; у вуснах нязбожнага крыўда таіцца.
Нянавісьць прыносіць закалоты, а любоў пакрывае ўсе грахі.
У вуснах разумнага мудрасьць, а палка на хрыбце дурня.
Мудрыя захоўваюць веду, вусны дурня – пагроза гібелі.
Маёмасьць багатых – іхняя крэпасьць; убоства бедных – іхняя бяда.
Высілкі праведнага вядуць да жыцьця, посьпех нязбожнага – да сьмерці.
Хто захоўвае навучаньне, той на шляху да жыцьця; блудзіць той, хто пагарджае напамінаньнем.
Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя; хто распаўсюджвае паклёпы, той дурань.
Пры шматслоўі не пазьбегнуць граху; хто стрымлівае вусны свае, той разумны.
Чыстае срэбра – язык праведнага; сэрца нязбожных бязвартаснае.
Вусны мудрых кіруюць многімі; дурні памруць ад недастатку розуму.
Блаславеньне Гасподняе ўзбагачвае і не прыносіць з сабою суму.
(10:1–22)